Міжнародны навуковы сімпозіум “Берасцейская царкоўная унія перспектывы
навуковага кансэнсусу ў кантэксце нацыянальна-канфесійнага дыскурсу” (Львоў,
24-26.08.2006 г.))
Берасцейскія
чытанні: дзесяць год пасля
24–26 жніўня 2006 г. ў Львове
адбыўся міжнародны навуковы сімпозіум “Берасцейская царкоўная унія: перспектывы
навуковага кансэнсусу ў кантэксце нацыянальна-канфесійнага дыскурсу”. Яго ладзіў
Інстытут гісторыі Царквы – недзяржаўная навукова-даследчая установа, створаная ў
1992 г. з мэтай даследавання становішча Царквы ва ўмовах таталітарнага
камуністычнага рэжыму. Сімпозіум праводзіўся пры падтрымцы фундацыі “Pro
Oriente”, якая знаходзіцца ў
Вене і ўжо некалькі гадоў падтрымлівае праект “Наступствы [наслідкі]
Берасцейскай уніі”.
Удзельнікамі сімпозіума былі
вучоныя шасці краін (Украіна, Беларусь, Расія, Польшча, Аўстрыя, Канада) –
буйнейшыя спецыялісты па Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. і гісторыі
грэка-каталіцкай Царквы. Сярод іх Яраслаў Ісаевіч, Барыс Гудзяк і Ігар Скочыляс
са Львова, Наталля Якавенка і Васіль Ульяноўскі з Кіева, Леанід Цімашэнка з
Драгобыча, Міхаіл Дзмітрыеў і Сяргей Якавенка з Масквы, Таццяна Апарына з
Навасібірска, Анджэй Гіль з Любліна, Сяргей Плохій з Эдмантана і іншыя У працы
сімпозіума ўдзельнічала таксама кіраўніцтва фундацыі “Pro
Oriente”: прафесар Эрнст
Крыстаф Суттнер, прафесар Філіп Гарнонкур. Беларускую навуку прадстаўляў на
сімпозіуме аўтар гэтых радкоў.
Удзельнікаў сімпозіума
гасцінна прыняла Львоўская грэка-каталіцкая семінарыя, якая нядаўна пераехала ў
новы будынак на ўскраіне заходнеўкраінскай сталіцы.
Арганізатары сімпозіума
(арганізацыйны камітэт ўзначальваў дырэктар Інстытута гісторыі Царквы, вядомы
даследчык уніі Алег Турый) ставілі мэту ўзгадніць пазіцыі вучоных розных краін і
навуковых школ з улікам новых напрацовак апошняга дзесяцігоддзя.
На працягу 1994–1996 г.
Інстытут гісторыі Царквы правёў серыю Берасцейскіх чытанняў – міжнароднай
канферэнцыі, якая прайшла ў шасці сесіях, што адбыліся ў розных гарадах Украіны:
Львове, Івана-Франкоўску, Кіеве, Днепрапятроўску, Харкаве, Луцку, Пярэмышлі,
Ужгарадзе. На гэтых чытаннях адмяркоўваліся гісторыя заключэння Берасцейскай
царкоўнай уніі 1596 г. (адсюль – Берасцейскія чытанні) і лёс грэка-каталіцкай
Царквы Украіны і Беларусі ў
XVII ст. Тыя чытанні атрымалі
шырокі міжнародны рэзананс у навуковым свеце, а матэрыялы чытанняў, выдаденыя
Інстытутам, сталі каштоўным укладам у сусветную навуку.
І вось прайшло 10 год.
Удзельнікі Берасцейскіх чытанняў працягнулі навуковыя даследаванні. За гэты час
імі, і не толькі, выяўлены новыя архіўныя дакументы, пераасэнсаваны ўжо вядомыя
крыніцы, па “берасцейскай” праблематыцы з’явіліся дзесяткі новых артыкулаў,
выйшла з друку некалькі салідных манаграфій, абаронена шэраг кандыдацкіх і
доктарскіх дысертацый. Некаторыя з палажэнняў, што тады з цяжкасцю прабіваліся ў
навуку, сёння сталі ледзь не аксіёмамі. І, наадварот, рашуча абвергнуты тыя
стэрэатыпы царскай і камуністычнай гістарыяграфіі, якія яшчэ дзесяцігоддзе таму
вучоныя толькі падверглі сумненню.
І вось два з паловай дні ў
канцы гэтага лета вучоныя розных краін: гісторыкі, філосафы, філолагі, тэолагі,
духоўныя асобы – у вострых дыскусіях шукалі навуковага кансэнсусу адносна
фенаменальнай з’явы еўрапейскай гісторыі, якой з’яўляецца Берасцейская царкоўная
унія.
На сімпозіуме адбылося 6
сесій: “Гістарычныя перадумовы Берасцейскай уніі: факты і інтэпрэтацыі”,
“Фактары заключэння або запярэчання уніі”, “Працэс зацвярджэння/процістаяння
уніі ў Кіеўскай мітраполіі”, “Стаўленне да царкоўнага расколу і уніі ў Рэчы
Паспалітай”, “Духоўна-культурнае жыццё”, “Нацыянальная і канфесійная
ідэнтычнасць”.
Берасцейская унія разглядалася
на сімпозіуме ўсебакова, у розных ракурсах, зыходзячы з розных метадалагічных
падыходаў. Погляды на яе даследчыкаў розных краін і нацый, навуковых школ,
канешне ж, адрозніваліся. Затое, здаецца, ўсе яны сыходзіліся на тым, што
Берасцейская унія – гэта знакавая з’ява ў цывілізацыйнай прасторы, у якой
беларускае і ўкраінскае грамадства імкнулася знайсці сваё месца.
На закрыцці сімпозіума яго
ўдзельнікаў вітаў патрыярх Любамір Гузар. Многія сучасныя праблемы, гаварыў ён
маюць карані ў мінуўшчыне. Гэта навуковая сустрэча – яшчэ адзін крок у напрамку
лепшага разумення, як пачаліся шматлікія цяжкасці нашай Царквы і як іх вырашаць.
Прыйшоў час, падкрэсліў патрыярх, калі трэба аб мінуўшчыне гаварыць праўду.
Святлана
Марозава,
доктар
гістарычных навук
| |
Уверх
Кніга водзываў
|