Беларусь,
восень 1838 – вясна 1839 г.: Апошні акт уніяцкай трагедыі
(Некаторыя
малавядомыя старонкі)
Уніяцкая царква аказалася для
самадзяржаўна-сінодавага рэжыма Расійскай імперыі адной з перашкод ў
ажыццяўленні яго уніфікацына-нівеляцыйнай палітыкі ў заходніх губернях.
Захаванне царквы, якая не гарнулася да трону, улады звязвалі з небяспекай
сепаратызму. Духоўнае падпарадкаванне Беларусі разглядалася імі як сродак і
неабходная ўмова расійскага панавання тут. Таму з канца ХVIII
ст. канфесійнай стратэгіяй царызма стала абмежаванне сферы ўплыву уніяцкай
царквы. Свае дзеянні прыкравалі сентэнцыямі пра “непадзельнасць расійскага
народу”, якой нібыта пагражае “злацінізаванае” і “апалячанае” уніяцтва.
У 1833 г., выкарыстоўваючы сваё права
пераможцы, улады сталі на шлях адміністрацыйна-сілавога вырашэння праблемы,
справакаванага актыўнай дапамогай уніяцкага духавенства паўстанцам 1830–1831 г.
Царкву прызналі ворагам расійскіх інтарэсаў на Беларусі і адзінае выйсце ўбачылі
ў яе знішчэнні. Беларусь стала аб’ектам вялікага эсперымента па перакройванні яе
канфесійнай карты ў імя “будаўніцтва Расіі” і ўмацавання яе пазіцый ў Еўропе.
На чале уніцкай царквы былі пастаўлены
людзі, верныя “видам правительства”: літоўскі епіскап Іосіф Сямашка, аршанскі
епіскап Васіль Лужынскі, брэсцкі епіскап Антон Зубко. З 1835 г. у Пецярбургу
дзейнічаў створаны загадам Мікалая І сакрэтны камітэт па уніяцкіх справах. Ён
павінен быў папярэдне разглядаць усе распараджэнні на гэты прадмет і ўзгадняць
дзеянні дзяржаўных і царкоўных структур.
Змянілі дэкор храмаў і цырымоніі,
выдалілі арганы. Уніяцкія богаслужэбныя кнігі мясцовага друку, віленскага,
пачаеўскага і супрасльскага, выцеснілі служэбнікамі і спеўнікамі маскоўскай
сінадальнай друкарні. Гэту рэформу ажыццявілі прыкладна за два гады.
Падаўленне уніяцкай традыцыі ўвергла
грамадства ў шокавы стан. Народ не мог зразумець, чаму тое, што яшчэ ўчора
шанавалася, лічылася святым, дагодным Богу, сёння руйнуецца і забараняецца. Але
нават “просталюдзін” зразумеў: “ламаюць веру”. Шляхта ж успрымала мікалаеўскі
курс на знішчэнне уніяцкай царквы як помсту цара за нядаўні бунт.
Былі перавыхаваны сотні святароў –
гэта заняло значна больш часу. У 1837 г. уніяцкую царкву падпарадкавалі
обер-пракурору Сінода. Гэта азначала, што палітыка яе ліквідацыі зыходзіць ад
вышэйшай ўлады імперыі, і працівіцца ёй – значыла працівіцца волі імператара, у
той час, як раней гэта была нібыта толькі воля ўласнага духоўнага начальства. У
тым жа годзе арганізавалі збор распісак ад духавенства аб згодзе прыняць
праваслаўе, калі на тое “воспоследует монаршая воля”. На іх выбіванне пайшоў
1838 год.
Смерць у 1838 г. апошніх (з ліку
кіраўніцтва царквы) праціўнікаў аб’яднання з Рускай праваслаўнай царквой:
мітрапаліта Ясафата Булгака і пінскага епіскапа Ясафата Жарскага – зняла апошнія
перашкоды для скасавання уніі. К восені 1838 г. было відавочна, што знішчэнне
уніяцкай царквы – справа часу. Гэта разумелі як у сталіцы імперыі, так на
Беларусі і Украіне.
Дзякуючы аналітычнай справаздачы ад 31
жніўня 1838 г. чыноўніка Сінода В.Скрыпіцына, які па даручэнню Мікалая І вывучаў
ступень гатоўнасці заходніх губерняў да “вырашэння уніяцкага пытання”,
афіцыйны Пецярбург у прынцыпе арыентаваўся ў сітуацыі і настроях, якія
тут панавалі. Яны адрозніваліся ў Беларускай і Літоўскай епархіях. На 15 жніўня
1838 г. у першай выказала згоду кінуць унію толькі 25 % духавенства, ў другой –
амаль 72 %.
Усіх уніятаў
наогул В.Скрыпіцын падзяліў на 3 групы: добранадзейных, якія станоўча ставіліся
да перамены веры; паслухмяных і непрыхільных. Да першай катэгорыі ён залічыў 633
прыходы Гродзенскай і Віленскай губерняў, Беластоцкай вобласці, заходніх паветаў
Валынскай і Мінскай губерняў, а таксама Пінскага, Слуцкага і Мінскага паветаў.
Да другой групы быў аднесены 441 прыход амаль усёй Віцебскай і Магілёўскай
губерняў і той часткі Мінскай губерні, якая да іх прымыкала. Да трэцяй групы
належалі паўночныя паветы Віцебскай губерні: Себежскі, Полацкі, Лепельскі і
Дрысенскі, Дзісненскі павет Мінскай губерні, Мсціслаўскі і Сенненскі паветы
Магілёўскай губерні, Оўручскі павет Валынскай губерні і Радамышльскі павет
Кіеўскай губерні – усяго 151 прыход.
Агульная выснова
чыноўніка Сінода па асобых даручэннях была наступнай: пры цяперашніх абставінах
“усялякае прамаруджванне з’яўляецца шкодным, ...можа, калі не зусім разбурыць,
дык адтэрмінаваць … вялікае дзяржаўнае прадпрыемства далучэння грэка-уніяцкай
царквы”, ды й пісьмовыя абавязацельствы, пры далейшым адкладванні, могуць
страціць сваю сілу.
Нягледзячы на знешні спакой,
абстаноўка ўсё ж была трывожнай. Справа – за імператарскім указам аб усеагульнай рэлігійнай канверсіі
уніятаў.
Усе гэтага ўказу
толькі і чакалі.
Восенню гэты спакой і атмасферу
чакання ўзарвалі два дзёрзкія і масавыя выступленні.
У сярэдзіне
верасня ў вёску Царкаўляны, што ў Дзісненскім павеце Мінскай губерні, з’ехаліся
і сышліся многія апазіцыйныя святары. Там яны правялі масавую працэсію і
несанкцыянаваны сход, на якім рашылі стаяць за унію. Арганізатарамі гэтай акцыі
пратэсту былі асэсар Полацкай грэка-уніяцкай кансісторыі Іван Ігнатовіч і святар
Адам Тамкавід. Ігнатовіч звярнуўся да народа з заклікам, “каб цвёрда трымаліся
сваёй уніяцкай веры”. Зачыншчыкі, як праходзіць па дакументам Сінода, “хацелі
ўзбудзіць народ да супраціўлення”.
Царкаўлянскі
сход выпрацаваў петыцыю-просьбу да імператара аб абароне і дапамозе. У кіраўніка
дзяржавы прасілі назаўсёды пакінуць духавенства і прыхаджан паветаў, чые
прадстаўнікі падпісалі петыцыю, ва уніі. Прасілі прызначыць для тых, хто
застаўся ва уніі, асобага пастыра і духоўнае начальства. Петыцыю падпісалі 111
святароў. Для яе дастаўкі ў Пецярбург сход абраў дэлегацыю. Выканаць гэту місію
выпала святарам Лепельскай і Астровенскай благачыній.
Каб звярнуцца з лістом да імператара, яны, як таго патрабавалі тагачасныя
парадкі, атрымалі на тое пісьмовыя даверанасці кожнага з падпісантаў.
Буйны збой атрымаўся і ў Літоўскай
епархіі, дзе справа дэунізацыі ішла, здавалася, больш гладка. Цэнтрам супраціву
тут стала Беластоцкая вобласць – у ёй усяго 49 уніяцкіх цэркваў. Калі брэсцкі
епіскап А.Зубко стаў збіраць тут подпісы, пайшлі масавыя адмовы. Ідэйнымі
натхняльнікамі адмовы сталі Фаустын Гаворскі з Чыжэва, Антон Панькоўскі з
Новабярозава і протаіерэй Антоній Сасноўскі з Кляшчэль – чалавек
высокаадукаваны, паважаны духавенствам, былы старшыня скасаванай Віленскай
грэка-уніяцкай кансісторыі. 15 папоў з Беласточчыны падалі імператару просьбу,
каб іх не прымушалі да праваслаўя. Гэта была не звычайная скарга, але
заканадаўча абгрунтаванае абвінавачванне, патрабаванне спыніць уціск іх веры.
Фактычна імператара заклікалі загадаць духоўнаму і грамадзянскаму начальству
прытрымлівацца дзеючага заканадаўства, якое гарантуе свабоду веравызнання. У
чаканні станоўчага адказу са сталіцы завадатары адмовіліся ад падпісак ды яшчэ і
ўзбунтавалі сялян прыходаў Чыжэў і Новабярозаў.
Пецярбург імкнулася пераканаць свет,
што ўсё робіцца з добрай волі уніятаў, – а тут гэтыя эксцэсы. Яны выклікалі пры
двары эфект выбухнуўшай бомбы, бо ставілі “вырашэнне уніяцкага пытання” пад
сур’ёзную пагрозу, і хутчэй за ўсё прыспешылі вышэйшую санкцыю на ўсеагульную
канверсію уніятаў. Да таго ж асцерагаліся, як успамінаў пазней паплечнік
І.Сямашкі Н.В.Сушкоў, “не раззлаваць Еўропу”, каб “не апалчыліся на нас замежныя
ўсіх колераў часопісы”.
Запісы ў журнале пастаноў Літоўскай
духоўнай кансісторыі (Жыровіцы) за верасень 1838 г. раскрываюць механізм
нейтралізацыі “бунтаўшчыкоў” з Беласточчыны, а таксама сведчаць, што пад
знешнім спакоем чакання вакол уніяцкай веры кіпелі страсці, ламаўся лёс людзей.
Вось некаторыя з гэтых запісаў:
2 верасня
–
разглядалі прашэнне святароў Бельскага і Драгічынскага паветаў ад 27
ліпеня вызваліць іх ад дачы падпісак, патрабуемых епархіяльным начальствам;
–
паводле прадстаўлення І.Сямашкі, пастанавілі выдаліць з прыходаў
нядобранадзейных Антонія Панькоўскага (Новабярозаўская царква) і Фауста
Гаворскага (Чыжэўская царква) і затачыць іх у Тараканскі манастыр для
“зацвярджэння ў пакоры”.
3 верасня
–
абмяркоўвалі патрабаванне І.Сямашкі змясціць у Быценскі манастыр “для
выпраўлення ладу думак” святара Боцькаўскага прыхода Васіля Высекірскага.
5 верасня
–
нядобранадзейнага святара царквы ў Жыдомлі Івана Савашкевіча вызначылі
перавесці прычэтнікам у Заслаўе; калі не паедзе добраахвотна – выслаць з
дапамогай паліцыі;
–
вырашылі выклікаць у Жыровіцы для тлумачэняў настаяцеля царквы ў
Кляшчэлях Сасноўскага, які “ўзбуджае некаторых нявопытных святароў да
непадпарадкавання мясцоваму благачыннаму”;
–
гэтак жа выклікаць у Жыровіцы для перавыхавання ненадзейнага настаяцеля
Чыжэўскай царквы Івана Філяноўскага.
7 верасня
–
даставіць у Жыровіцы “паліцэйскімі мерамі” святароў Давілейскага
благачынія Зялінскага і Кавалеўскага, якія ўхіляюцца прыехаць у кансісторыі
самі.
Уніяцкая церковь, як 25 кастрычніка
сакрэтна інфармаваў з Жыровіцаў обер-пракурора Сінода епіскап Антоній, цяпер
нагадвае нанова адбудаваны будынак, які застаецца аднак без даху. Дах – гэта
воля ўрада. “Без нее враждебные стихии начинают уже нашептывать, что
присоединение к православию есть изменение веры прародительской... Уже
появляются маленькие возмущения прихожан, проистекающие от неблагонамеренных
священников. Епархиальное начальство предпринимает против онаго меры, но пока
дело в секрете (официальном), эти меры будут недостаточны”.
Гучная “справа 111-ці” і “акт 15-ці”
былі апошнімі радыкальнымі крокамі духавенства ў ратаванні уніі.
Далей ужо ішлі, галоўным чынам, рэпрэсіі.
Закліканыя забяспечыць поспех “уніяцкай справы” на яе апошнім этапе, яны сталі,
так сказаць, закулісным действам Полацкага царкоўнага сабора.
Пачалася, скажам так, зачыстка рэлігійнага
поля на Беларусі. На падаўленне уніі мабілізавалі ўвесь апарат царскай
ўлады: Сінод, сенат, міністэрства ўнутраных спраў, губернатары, паліцыя, войска.
Пецярбург ўсур’ёз чакаў масавых хваляванняў на Беларусі і Украіне. Таму
рэпрэсіўная машына была заведзена да адказу.
4 лістапада обер-пракурор Сінода
граф Пратасаў папярэджваў віленскага
генерал-губернатара Н.Далгарукава аб неабходнасці “узмацнення мер бяспекі … для
папярэджання хваляванняў пры цяперашнім пераўтварэнні уніяцкай царквы”, асабліва
ў Беластоцкай вобласці. Беларускага генерал-губернатара ён інфармаваў пра
неабходнасць прыняцця мер перасцярогі ў Себежскім, Полацкім. Лепельскім і
Дрысенскім паветах Віцебскай губерні і Мсціслаўскім і Сенненскім паветах
Магілёўскай губерні.
11 лістапада ў
Царскім сяле обер-пракурор Сінода дакладваў імператару, з падачы Скрыпіцына,
наступнае: “Справа агульнага ўз’яднання уніятаў магла б лічыцца ўжо далёка
прасунутай, калі б Беларуская епархія дасягнула роўнай ступені (гатоўнасці –
С.М.) з Літоўскай. …Цяпер асабліва патрэбнае намаганне мясцовых грамадзянскіх
начальстваў утаймоўваць яўныя і тайныя супрацьдзеянні… У дачыненні асоб, якія
распасціраюць сваю нядобранадзейнасць да дзёрзкага ўзбуджэння іншых супраць
урадавай мэты, … прысутнасць іх у заходніх губернях робіцца шкоднай”. Кіраўнік
рэлігійнымі справамі імперыі прасіў найвышэйшага дазволу на высылку тых духоўных
Беларускай епархіі, якіх епархіяльнае начальства прызнае патрэбным, у
вялікарасійскія манастыры, а таксама на сакрэтнае даручэнне
генерал-губернатарам заходніх губерняў “аб узмацненні … мер перасцярогі і
пільнага нагляду дзеля папярэджання найменшых беспарадкаў пры цяперашнім
пераўтварэнні грэка-уніяцкай царквы”.
Вынікам гэтага хадайніцтва стаў імператарскі ўказ,
на падставе якога паставілі ў абавязак мець за уніяцкай справай “аккуратнейшее,
согласное с высочайшею волею наблюденіе, содействуя всемерно духовному
начальству” ваенна-павятовым начальнікам.
28 снежня
обер-пракурор Сінода прапанаваў Мікалаю І ў сувязі са “справай 111-ці” зноў
камандзіраваць у Беларускую епархію В.Скрыпіцына дзеля “садзеяння ходу уніяцкай
справы ў цяперашняй важнай для яе сітуацыі”. Імператар даручыў Скрыпіцыну
вінаватых у падачы дзёрзкай просьбы расшукаць і пакараць.
У той жа дзень з’явіўся імператарскі ўказ: пад пагрозай пакарання абмежаваць
перасоўванне рымска-каталіцкага духавенства па тэрыторыі заходніх губерняў і
аказанне імі рэлігійных паслуг для уніятаў
– баяліся тайнага місіянерства, якое магло хваляваць людскія розумы, перакрывалі
яшчэ адзін канал магчымага выбуху незадавальнення “ўз’яднаннем”.
На чарговае пасяджэнне Сакрэтнага
камітэта, якое адбылося ў Пецярбургу 4 студзеня 1839 г., запрасілі і
генерал-губернатараў: смаленскага, віцебскага і магілёўскага Дзякава, а таксама
віленскага, гродзенскага, беластоцкага і мінскага Далгарукава. Прысутнічалі шэф
жандараў генерал Бенкендорф, міністр дзяржаўных маёмасцяў П.Кісялёў, міністр
унутраных спраў Д.Блудаў, обер-пракурор Сінода Пратасаў. Абмяркоўвалі
выпрацаваную Сакрэтным камітэтам інструкцыю. У ёй – “часова дараваныя
генерал-губернатарам асаблівыя правы, якія перавышаюць іх звычайную ўладу”.
“Для большага поспеху агульнага
ўз’яднання уніятаў, – гаварылася ў той інструкцыі, – ён (урад – С.М.) прызнае
неабходным даць усемагчымае адзінства распараджэнням галоўных начальнікаў
Заходняга краю да ўтаймавання ўсіх магчымых супрацьдзеянняў”. Каб
рымска-каталіцкае духавенства і шляхта, з боку якіх найперш чакалася
супрацьдзеянне, не смелі “ні яўна, ні тайна, пропаведзямі або настаўленнямі
падрываць цяперашнюю схільнасць уніятаў да ўз’яданння…, каб нідзе, у гарадах і
сялібах не дапускалася ані найменшая непакорнасць начальству, а тым больш
парушэнне грамадскага спакою” – такая задача ставілася перад
генерал-губернатарамі. Ажыццяўляць паліцэйскі нагляд над сялянамі абавязалі
саміх паноў і арандатараў, якіх належала папярэдзіць пра ўсю “адказнасць, якой
яны падвяргаюць сябе ў выпадку хваляванняў у іх маёнтках”.
“Незалежна ад гэтых паліцэйскіх мер, –
апавяшчаў чацвёрты пункт інструкцыі, – і пры гэтым без далейшага адкладу
генерал-губернатары і, згодна іх настаўленню, начальнікі губерняў … абяруць …
зручныя пункты ў гарадах і сялібах для размяшчэння ў іх войскаў пастоем… Для
ўвядзення войскаў у паветы, дзе іх няма і дзе прадбачыцца ў тым патрэба,
генерал-губернатары адразу ж звернуцца да ваеннага міністра…”
Рымска-каталіцкаму духавенству “пад
пагрозай найстражэйшага спагнання” забаранялася адпраўляць трэбы для уніятаў і
ганіць праваслаўную веру. Абмяжоўвалася перасоўванне каталіцкага духавенства ў
межах заходніх губерняў. Уніяцкае духавенства, якое не падпарадкоўвалася свайму
начальству, падлягала выдаленню. Генерал-губернатары атрымлівалі права высылаць
такіх духоўных асоб у праваслаўныя манастыры ў глыб Расіі, а асоб “з меншай
ступенню фанатызму” – змяшчаць пад нагляд у манастырах паўднёвых губерняў.
Генерал-губернатарам прадстаўлялася
права адхіляць ад пасады прадвадзіцеляў дваранства, гараднічых, земскіх
спраўнікаў, западозраных “у саўдзеле іх процідзеянню відам ураду”. Духоўных і
свецкіх асоб, якія б асмеліліся “пахіснуць цяперашнюю схільнасць грэка-уніятаў
да ўз’яднання”, трэба было высылаць у вялікарасійскія губерні, якія не мяжуюць з
заходнімі губернямі. У выпадку ўзброенага мяцежа … аддаваць іх ужо ваеннаму
суду”.
Генерал-губернатары надзяляліся правам
выдаляць з маёнткаў памешчыкаў і арандатараў, калі яны дапусцяць у іх хваляванні
сялян або будуць шкодзіць поспеху справы. Маёнткі ў такім выпадку перадаваліся ў
казённае кіраванне. Калі ж “прысутнасць такіх уладальнікаў у Заходнім краі
акажацца шкоднай”, іх трэба дэпартаваць у расійскія губерні, якія не мяжуюць з
заходнімі.
Пра ўсе свае захады адносна духоўных і
свецкіх асоб генерал-губернатары павінны былі інфармаваць міністэрства ўнутраных
спраў і Сінод.
Незадоўга да гістарычнага сабора, які
павінен быў паставіць апошнюю кропку на гісторыі уніяцкай царквы ў Расійскай
імперыі, па загаду Мікалая І ў Полацк прыбыў саветнік обер-пракурора Сінода
камергер Скрыпіцын. Ён меў “асобае даручэнне па грэка-уніяцкіх справах”,
выкладзенае ў сакрэтнай запісцы-інструкцыі ад 6 студзеня 1839 г., якую атрымаў
ад свайго шэфа. “Уважліва назіраць за настроямі грэка-уніяцкага духавенства, –
патрабавала інструкцыя. – Звяртаць пастаянную ўвагу на супрацьдзеянні, якія
могуць быць ад памешчыкаў і лацінскага духавенства… Калі заўважаны будзе дзесьці
пачатак неспакою, схільнасць да хвалявання, неадкладна з эстафетай апавяшчаць
пра гэта мясцовага губернатара, даводзячы разам з тым да ведама
генерал-губернатара, з дадаткам яму, калі будзе вядома, якія асобы ёсць галоўныя
зачыншчыкі і ўзбуджальнікі астатніх… Штотыднёва дакладваць мне пра ўсё
заўважанае вамі па ўскладзенаму на вас даручэнню, пра вашы дзеянні, пра асобаў,
якія асабліва адзначыліся руплівасцю або заўважаныя ва ўпартасці і
нядобранадзейнасці, далейшае прабыванне якіх у тым краі можа быць у цяперашні
час шкодным”.
У адпаведнасці з гэтымі інструкцыямі,
у Чашніках арыштавалі і адправілі ў Полацк Івана Ігнатовіча, арганізатара акцыі
пратэсту ў Царкаўлянах. Кіраваў арыштам – адпаведна значнасці злачынцы – вядомы
змагар з уніятамі падпалкоўнік Агатонаў. Бунтара ў расе, чыё прабыванне ў
Беларусі палічылі “шкодным, як з-за непрыхільнасці яго да праваслаўя, так і з-за
ўплыву, якое ён меў на іншае духавенства”, 10 студзеня пад канвоем павезлі ў
Смаленск. Далейшы шлях ляжаў у Прадцечанскі манастыр у Вязьму. Другога
арганізатара царкаўлянскага сходу і петыцыі на імператарскае імя Адама
Тамкавіда ўзялі ў Іказні Дзісненскага павета і пераправілі ў Мінск, а адтуль 26
студзеня – у Курск. Праз два тыдні, 9 лютага, яго даставілі на месца высылкі.
Перамешчаныя на сотні кіламетраў ад таго месца, дзе рыхтаваўся апошні акт
уніяцкай трагедыі, Іван Ігнатовіча і Адама Тамкавід небяспекі ўжо не ўяўлялі.
Скрыпіцын вяршыў расправу ў Полацку.
І.Сямашка пакуль даваў распараджэнні адносна неслухаў з Пецярбурга. У лісце у
Літоўскую кансісторыю ад 9 студзеня ён абураўся тым, што 6 “нядобранадзейных”
святароў яшчэ кіруюць прыходамі, патрабаваў выклікаць іх на перавыхаванне ў
Жыровіцы, а калі і там не ўдасца пераканаць іх кінуць унію, то замяніць
“надзейнымі” людзьмі.
13 студзеня І.Сямашка даў указанне пад неадкладна вывезці ваенным канвоем ў
расійскія манастыры іншадумных іераманахаў Віктара Басяцкага, Анаклета
Данілевіча і Іллю Андрушкевіча – адпаведна ў Курскую, Арлоўскую і Чарнігаўскую
епархіі. Часу на зборы ім не далі.
Для разборкі з царкаўлянскімі
мяцежнікамі ў пачатку лютага прыбыў у Полацк, згодна з імператарскім загадам,
літоўскі епіскап. Шукалі складальніка прашэння, а таксама людзей, якія сваімі
даверанасцямі ўпаўнаважылі дэлегацыю на падачу петыцыі імператару.
Галоўную прычыну “гэтак важнага
супраціву духавенства Беларускай епархіі” І.Сямашка ўгледзеў “у раздражнёнасці
і нават разлютаванасці, выкліканымі ў яго цяжкімі наступствамі ранейшай сістэмы
пераварочвання уніятаў”. Такімі настроямі, сцвярджаў ён, намагалася скарыстацца
варожая справе польска-каталіцкая партыя. Звальненне полацкага епіскапа
Смарагда, беларускага генерал-губернатара князя Хаванскага і віцебскага
губернатара Шрэдара, якое лічыцца справай рук гэтай партыі, узмацніла аўтарытэт
яе намоў, нібыта пераўтварэнні грэка-уніякай царквы робяцца самім яе духоўным
начальствам і супраціўныя намерам гасудара-імператара.
Другой прычынай Сямашка лічыў слабасць
духоўнай улады ў Беларускай епархіі. Нядобранадзейныя святары, якіх выклікалі ў
Полацк “дзеля настаўленняў або выпраўлення”, заставаліся на прыходах, нават
будучы ад іх адхіленымі. І гэта нягледзячы на прадпісанні начальства. Не дзіўна,
піша ён ў сваёй справаздачы обер-пракурору Сінода, што знайшлося 111 духоўных
асоб, якія падпісалі даверанасць на падачу прашэння імператару супраць уласнага
начальства.
Адзін з іх, Захарый Маркоўскі, як
даносіў 4 лютага з Полацка ў Сінод епіскап Іосіф, “дзейнічаў рашуча і амаль
адкрыта…, і таму звольнены яшчэ ў мінулым годзе ад Чашніцкага прыхода і ад
пасады благачыннага. Пій Перабіла звольнены таксама за падобныя ўчынкі ад
Бешанковіцкага Ільінскага прыхода і ад пасады благачыннага”. Разам з настаяцелем
Дварэцкай царквы Іванам Тачыцкім яны “маюць моцны і шкодны ўплыў на
духавенства”. “Дзеля супакаення мясцовага грэка-уніяцкага духавенства, а таксама
дзеля выкаранення сярод яго духа ўпартасці і непакоры” Сямашка палічыў за
лепшае ўпячы згаданых трох асоб ў расійскія манастыры.
Распраўляючыся з апазіцыянерамі,
епіскап, як ён сам адзначаў, кіраваўся трыма мэтамі: 1) разарваць сувязі паміж
членамі “шматлікай партыі духавенства, якое запрацівілася распараджэнням
Беларускага епархіяльнага начальства”; 2) аднавіць уладу гэтага начальства;
“знішчыць дух сваволля і думкі пра беспакаранасць” з яго боку; 3) “аблегчыць
таму ж начальству спосабы ўздзейнічаць на розум астатняга духавенства, яшчэ не
набытага праваслаўнай царквой”.
“Мінулы тыдзень, – пісаў 8 лютага
І.Сямашка обер-пракурору Сінода, – прысвяціў я разгляду абставін справы, мне
даручанай. На жаль, значная колькасць духавенства, уцягнутага ў супрацьдзеянне,
… не дазволіла мне абмежавацца некалькімі прыкладамі строгасці. Аказалася
неабходным зрабіць нашмат важнейшае ўражанне, каб разарваць шайку, існаваўшую
даволі ўжо працяглы час, каб устараніць у аддаленыя месцы людзей, якія ёй
кіравалі, каб пазбавіць іх магчымасці зносін паміж сабой і з астатнім
духавенствам Беларускай епархіі”. А каб адабраць у пазначаных духоўных надзею на
ранейшае бяздзеянне паліцыі”, ён распарадзіўся неадкладна адправіць апальных
святароў у вызначаныя для іх месцы выгнання ў суправаджэнні паліцыі.
У Трыгурскі манастыр “на чорную
работу” выслалі Андрэя Нікановіча і Івана Латто. Яго аддаленасць ад уніяцкіх
цэркваў павінна была пазбавіць гэтых упартых святароў сродкаў “шкоднага уплыву”
на астатняе духавенства. У Любарскі манастыр “пад нагляд да поўнага выпраўлення”
даставілі Фаму Чабаноўскага і Грыгорыя Эльяшэвіча, у Жыровіцы – Ігнація
Хруцкага. 14 лютага Пія Перабілу часова, “да асобага распараджэння”, выслалі ў
Аршанскі манастыр “пад нагляд настаяцеля і паліцыі”. Услед за ім 21 лютага туды
павезлі Івана Тачыцкага.
Руплівасцю Сямашкі высылцы з
Беларускай епархіі падлягала 20 святароў, якія далі І.Ігнатовічу і А.Тамкавіду
даверанасці на падачу прашэння імператару. Адны былі адпраўлены ў Літоўскую
епархію для назначэння на пасады прычэтніка “пры разважных настаяцелях”, другія
– заключаны ў аддаленыя, размешчаных паміж праваслаўным насельніцтвам уніяцкія
манастыры, трэція – высланы ў манастыры Расіі.
Кіраўнік духоўнага ведамства дзяржавы
Пратасаў такое пакаранне санкцыянаваў. У сваім сакрэтным лісце ад 20 лютага ён
цікавіўся ў аршанскага епіскапа Васілія, “ці ўсе яны сапраўды адпраўлены да
месцаў іх прызначэння”.
Чыноўнікі на месцах, якія непасрэдна ажыццяўлялі арышт і дэпартацыю, спрацавалі
не так аператыўна, як гэта было патрэбна Сіноду. 3 сакавіка “за маруднасць у
высылцы грэка-уніяцкіх святароў Мараўскага і Стульчынскага” знялі з пасады
станавога прыстава, зрабілі строгую вымову членам Дрысенскага земскага суда.
Пераведзеныя дзячкамі ў Літоўскую
епархію святары з ўсходу Беларусі звязвалі з місіяй Скрыпіцына надзею на
аднаўленне справядлівасц. Спадзяваліся, што ён ва ўсім разбярэцца, дакладзе
імператару і той задаволіць іх жаданне застацца ва уніі. У чаканні царскага
рашэння яны ўмовіліся настойліва стаць на сваім. Яны заўлялі аб сваім
непрызнанні цяперашняга духоўнага начальства як прыналежнага да іншай царквы і
яго праве караць іх.
Ад галоўных зачыншчыкаў царкаўлянскай
акцыі пратэсту пазбавіліся. Але на месцах заставаліся яшчэ многія дзесяткі яе
ўдзельнікаў, якія, на думку І.Сямашкі, былі “уцягнутыя ў яе болей староннімі
інтрыгамі, чым па ўласнаму жаданню, якія аднак яшчэ не засведчылі начальства ў
сваім раскаянні”. Лёс 68 святароў, якія падпісалі “супрацьзаконныя даверанасці”
на імя Ігнатовіча і Тамкавіда, Сямашка вырашаў 11 лютага. Вось што займала яго
думкі за дзень да гістарычнага Полацкага сабора! Ён распарадзіўся выклікаць іх
па чарзе ў Беларускую кансісторыю для разборкі. Тых, хто раскаецца, можна
вяртаць на месца службы. Тых, хто адмовіцца ад раскаяння, і нядобранадзейных
падвяргаць забароне. “А калі каторыя з царкоўнаслужыцеляў акажуцца лішнімі або
шкоднымі па Беларускай епархіі”, заключаць такіх пад нагляд у манастыр.
“На астатнюю масу духавенства яшчэ
няпэўнай добранадзейнасці” ён раіў уздзейнічаць праз благачынных, “цяпер ужо
амаль усіх надзейных”. А потым рэкамендаваў выклікаць іх для перавыхавання ў
Полацк па 2–3 чалавекі – “каб зноў не даць повада скласціся шматлікай бандзе
неслухаў”. Тых, хто адмовіцца змяніць веру, Сямашка патрабаваў паступова
замяшчаць надзейнымі святарамі.
З часам большасць рэпрэсіраваных
святароў была зламана і вымушана даць згоду кінуць унію на карысць праваслаўя.
“Пасля гэткіх мер, – пісаў уладыка, –
я не чакаю ніякага важкага супраціву з боку няпэўнай яшчэ добранадзейнасці
святароў Беларускай епархіі. … Пра манахаў не варта хвалявацца, … таму што
наогул амаль ужо пазбаўлены ўсялякага ўплыву на грэка-уніяцкі народ. Адзіна, на
што належыць звярнуць увагу, ёсць … спробы ўзняць прыхаджан супраць святароў,
прызначаных на месца духоўных, якія аказаліся нядобранадзейнымі”. Памешчыкаў,
настаўляў далей Сямашка, праз прадвадзіцеляў дваранства трэба папярэдзіць, што
хваляванні сялян у іхніх уладаннях будуць разглядацца як іх уласная
безадказнасць.
Пасля ўсіх прынятых і плануемых да
ўжытку мер, заключаў літоўскі епіскап, “не знаходжу ніякага повада прыпыняць
мяркуемае далучэнне уніятаў, насупраць, лічу, што гэта мера будзе рашуча
садзейнічаць канчатковаму вынішчэнню элементаў супрацьдзеяння... Адна толькі
перасцярога можа быць не лішняй, менавіта: каб не абвяшчаць цяпер афіцыйна ўказу
Св.Сінода…, каб выйграць час…”.
Шмат намаганняў
было прыкладзена свецкімі і духоўнымі ўладамі, каб дасягнуць жаданай развязкі.
Паводле ўспамінаў Н.В.Сушкова, 3 або 4 лютага ўсім павятовым прадвадзіцелям
дваранства накіравалі канфідэнцыйны ліст. Іх абавязвалі наведаць усіх памешчыкаў
свайго павета і асабіста аб’явіць кожнаму, што “справа уніі – вырашаная”, што
тыя адказваюць за захаванне спакою ў сваіх маёнтках і ў выпадку любых
хваляванняў, калі не змогуць іх самі ўтаймаваць, будуць пакараны аддачай
маёнткаў у апеку. Паны, як пісаў Сушкоў, “вразумились от такого объявления”.
Зусім верагодна,
што царкаўлянская акцыя пратэсту, разам з аўтарытэтнай заявай Скрыпіцына, што
Беларусь да ліквідацыі уніяцкай царквы гатова, а прамаруджванне можа разбурыць
так старанна падрыхтаваную справу, прыспешылі санкцыю афіцыйнага Пецярбурга на
ўсеагульную канверсію уніятаў.
Між тым, апошні
акт уніяцкай трагедыі няўмольна набліжаўся. Падрыхтаваліся да яго, трэба
адзначыць, вельмі старанна.
Дзеля канчатковых нарад адносна
“вяртання уніятаў да праваслаўнай царквы” ў Полацк прыбылі таксама епіскапы
Васіль Лужынскі, Антоній Зубко. “Падрыхтаваны для паднясення гасудару імператару
акт (аб далучэнні уніятаў да Рускай праваслаўнай царквы – С.М.), – даносіў з
Мінска шэфу жандараў Бенкендорфу маёр корпуса жандараў Ламачэўскі, – будзе
падпісаны важнейшымі духоўнымі асобамі, у колькасці да 22-х. Да яго будзе
дададзена да 1800 падпісак уніяцкіх благачынных і святароў, якія выказалі
жаданне на прыняцце ранейшых абрадаў праваслаўнай царквы, перайначаных часам і
ўплывам палітычных абставін”.
Значыць, планавалася прадэманстраваць ураду поўнае, 100-працэнтнае, аднадушша
духавенства ў жаданні кінуць унію. Да апошняга моманту спадзяваліся дамагчыся
менавіта такой колькасці згодных. Трэць духавенства іх усё-такі не дала. Гэта
тлумачыць і жорсткасць таго рэпрэсіўнага махавіка, які да апошняга дня выбіваў з
раз’яднаных святароў іх подпісы і караў тых са 111-ці, хто ад свайго подпісу ў
абарону уніі не адрокся. Скрыпіцыну і Сямашцы належала ў гэтым першаступенная
роля.
12 лютага 1839 г. сабраныя на саборы ў
Полацку тры епіскапы і 21 іншая духоўная асоба прынялі Акт, у якім абвяшчалася
адзінства з Рускай праваслаўнай царквой і ўтрымлівалася просьба да імператара
Мікалая І садзейнічаць хутчэйшаму далучэнню уніятаў да праваслаўя. Да саборнага
Акта прыкладалася 1305 распісак-абавязацельстваў святароў і манахаў.
Колькасць распісак зусім не азначала
колькасці тых, хто адрокся ад уніі. Паводле Г.Кіпрыяновіча, у распісках
беларускага духавенства (ён меў на ўвазе духавенства Беларускай епархіі) не
было шчырасці. Подпісы рэдка даваліся шчыра і добраахвотна, часцей за ўсё – пад
уплывам страху – В.Лужынскі папярэджваў, каб не спадзяваліся на беспакаранасць –
або разліку. Адны марылі тайна падтрымаць унію, іншыя жадалі вычакаць, што скажа
час. Праўда, вырваныя падпіскі вымушалі быць больш асцярожнымі ў праяве сваіх
уніяцкіх сімпатый.
593 чалавекі, у тым ліку 172 манахі,
сваёй згоды так і не далі. Дарэчы, Полацкі царкоўны сабор яшчэ чакае свайго
незаангажаванага беларускага даследчыка.
Ужо пасля сабора
Скрыпіцын прасіў віцебскага, магілёўскага і смаленскага генерал-губернатара аб
высылцы з Сенненскага павета Віцебскай губерні 14 святароў, якія ў верасні
мінулага года падпісалі прашэнне ў абарону уніі на царскае імя.
25 лютага 1839 г. у Віцебску яны трымалі адказ перад самім царскім пасланнікам.
Прысутнічаў запрошаны ім палкоўнік корпуса жандараў Куцынскі. Абвінавачаныя ў
супрацьдзеянні імператарскай волі, маральна зламаныя і застрашаныя,
безабаронныя, святары далі пісьмовае абяцанне, што “заўсёды будуць павінавацца
свяшчэннай волі манарха і … ўладам”. Адзін толькі Адам Ранчэўскі ад такога
абавязацельства, а, значыць, як націскалі высокапастаўленыя следчыя, ад пакоры
ўладам адмовіўся, “выявіў дух упартасці і дзёрзкага свавольства”. Па
распараджэнню Скрыпіцына яго павезлі пад паліцэйскім канвоем у Полацк, да
аршанскага епіскапа Васілія.
Далейшы лёс святара быў прадвызначаны.
Потым Скрыпіцын
паехаў у Магілёў і Мінск , каб там давяршыць справу “уз’яднання уніятаў”. Але
варта было яму часова выехаць з Полацка, як пачалася новая хваля антыўз’яднаўчых
хваляванняў. “Злосць ворагаў … не дрэмле… , – канфіцэндыйна паведамляў
обер-пракурору Сінода аршанскі епіскап Васілій Лужынскі. – Гэтыя ворагі туземцы
ў час ад’езда пана камергера Скрыпіцына … распусцілі чуткі, … быццам бы ён
адкліканы ў Пецярбург, і ўжо болей не вернецца”. Сяляне шэрагу прыходаў пад
уздзеяннем гэтых чутак адмовіліся аддаць новым, прызначаным уладыкай
“добранадзейным святарам“ ключы ад сваіх цэркваў. Адных бунтаўшчыкоў епіскапу
Васілію ўдалося супакоіць самому з дапамогай мясцовых “добранадзейных”
памешчыкаў. Для ўтаймавання іншых прыйшлося звярнуцца па дапамогу да
генерал-губернатара Дзякава.
Выкліканыя
ад’ездам Скрыпіцына чуткі натхнілі некаторых святароў, якія паставілі свой
подпіс пад зваротам 111-ці да цара, на новую дзёрзкасць. Яны, якія амаль
раскаяліся перад камергерам, цяпер зноў “моцна стаяць на сваім”, сцвярджаюць,
што высланыя святары не пазней мая – чэрвеня вернуцца ў свае прыходы. Адзін з
іх, Ігнацій Малішэўскі, які “здаваўся агнцам перад панам Скрыпіцыным”, нібыта ў
насмешку прасіў кансісторыю паспяшацца з вырашэннем яго лёсу. Высылаемыя ў
Курск святары Казаневіч і Макавецкі, развітваючыся са сваімі прыхаджанамі,
публічна заклікалі іх стаяць за сваю веру, байкатаваць новых святароў.
Завяралі, што яны хутка вернуцца, застаўшыся уніятамі. Памешчык Валер’ян Місевіч
таксама агітаваў тады сваіх сялян байкатаваць святароў, якія змянілі веру.
Як толькі
Скрыпіцын вярнуўся ў Полацк, гэтыя “шкодныя” чуткі сціхлі. В.Лужынскі інфармаваў
тады обер-пракурора Сінода, што прабыванне Скрыпіцына “як руплівага і
бескарыслівага дзеяча паскарае ход справы наконт уніі” у Полацку і “пры
цяперашніх абставінах неабходна”, бо тады “і духавенства робіцца больш
паслухмяным, а прыхаджане – ціхмяныя”.
26 лютага 1839 г. Сямашка пісаў
Мікалаю І пра выкананне імператарскага даручэння: “Амаль усе святары-завадатары,
якія ўдзельнічалі ў згаданай інтрызе або праявілі дух прадпрымальны і дзёрзкі,
устаранёныя ў аддаленыя месцы”.
Перамешчаныя на сотні кіламетраў ад месца, дзе пачаўся апошні акт уніяцкай
трагедыя, яны ўжо не ўяўлялі небяспекі.
Дзейнасцю Сямашкі і яго акружэння была
забяспечана нейтральная пазіцыя большасці святароў адносна “ўз’яднання”,
непакорных пазбавілі магчымасці супраціву, душылі незадавальненне сялян.
Некалькі гадоў схілялі
“падпарадкавацца сваёй праваслаўнай царкве” сялян мястэчка Ушачы Лепельскага
павета. Іх угаворвалі камісіі, пераконваў лепельскі земскі спраўнік,
адміністрацыя маёнтка, прымушала паліцыя. Але яны так і заставаліся ўпартымі ў
сваіх “памылках”. Нават падпалкоўнік Агатонаў, “пры ўсёй яго дбайнасці і
руплівасці да спраў праваслаўя”, не меў поспеху.
Жыхароў мястэчка нават асцерагаліся
публічна пытацца, хто з іх уніят, хто праваслаўны, “бо можа адбыцца сярод іх
хваляванне, ды й сумніўна, каб хоць адзін сказаў, што ён праваслаўны”. Прыходскі
святар Ясафат Шавельскі, які веру-такі змяніў, здабыў сабе нянавісць навакольных
паноў, уніяцкіх святароў Лепельскага павета, ушацкіх прыхаджан.
Застаўся адзін сродак – па чарзе (так
лягчэй было зламаць) выклікаць сялян у Полацк у грэка-расійскую кансісторыю для
ўгаворвання. Яго і пусцілі ў ход у лютым 1839 г. Зразумела, ніхто сам у Полацк
не паехаў. Тады паспрабавалі вазіць іх туды ў суправаджэнні паліцыі. Дык сяляне
спачатку ўцякалі ад паліцэйскіх, а потым пачалі збірацца натоўпамі і адбіваць
узятых пад канвой аднавяскоўцаў.
Памешчык Сялява, якога абвінавацілі “ў неспрыянні пераварочванню уніятаў”,
апраўдваўся: сялян выклікаюць у кансісторыю і там ваенна-павятовы начальнік
“моцна б’е іх і прыушае да праваслаўя”, таму яны і не ідуць у Полацк.
У архіве Сінода захаваўся перахоплены
паліцыяй прыватны ліст ад 5 сакавіка 1839 г. нейкага Івана з Полацка ў
Пецярбург, студэнту Медыка-хірургічнай акадэміі Г.Акаловічу. У лісце згадваецца
нехта Нарбут – адзін з уніяцкіх святароў-падпісантаў прашэння імператару. “За
гэта яны пастрыжаны ў дзячкі, панамары і званары і сасланы ў дальнія страны, –
паведамляе аўтар ліста пра мясцовыя навіны. – …Іх налічваюць каля ста чалавек.
Не ўваходжу ў падрабязнасці гэтай справы, што ўрад захоча, тое і будзе: ёсць
бізун, дзе ён свісне, там і рэлігія пырскне”.
Акт Полацкага сабора некалькі месяцаў
хавалі ад народа – баяліся выбуху бунтаў, чакалі падыходу дадатковай вайсковай
сілы. “У выніку супраціву, дзе б тое ні здарылася, – звяртаўся ў студзені 1839
г. да ваеннага міністра смаленскі, віцебскі і магілёўскі генерал-губернатар, –
прысутнасці адной роты дастаткова будзе на прывядзенне ў паслушэнства ўпартых,
тады як па прашэсці месяца, на працягу якога зло гэта можа ўзмацніцца, трэба
будзе дзеля гэтага ўжыць намнога большую колькасць войск”.
Каб прадухіліць хваляванні, імператар
тады ж распарадзіўся накіраваць на Беларусь быў 29-ты казацкі полк, які ішоў з
Фінляндыі на Дон. Полк прыбыў у сярэдзіне сакавіка. Яго размясцілі сотнямі ў тых
населеных пунктах Полацкага, Дрысенскага, Себежскага і Лепельскага паветаў
Віцебскай губерні, Вілейскага, Дзісненскага і Барысаўскага паветаў Мінскай і
Сенненскага і Мсціслаўскага паветаў Магілёўскай губерняў, дзе чакалі
супраціўлення.
Абнародаванне саборнага рашэння прайшло спакойна…
Паводле А.Зубко, “польскія паны
паспелі напужаць рускіх саноўнікаў” так, што віленскі генерал-губернатар
Далгарукаў прапаноўваў і яму прыслаць у Літоўскую епархію войскі ў сувязі з
абнародваннем указа аб уз’яднанні. Ва ўрадзе радаваліся, што ўз’яднанне 1839 г.
абыйшлося без кравапраліцця. Прайшлі дзесяцігоддзі, перш чым асмеліліся
“пригласить к воссоединению” уніятаў Царства Польскага.
25 сакавіка 1839 г., паводле
распараджэння Мікалая І, была прынятая пастанова Сінода аб далучэнні уніятаў. На
“уз’яднаўцаў” пасыпаліся ўзнагароды. Сямашку прынялі ў члены Сінода.
Але гэты ўказ да часу трымалі ў
таямніцы. Абвяшчэнне саборнага Акта пачалося ў красавіку. Паступова яго
даводзілі да ведама “добранадзейных” святароў, якіх дзеля гэтага па аднаму
выклікалі ў кансісторыю. Прызначаная ім грашовая ўзнагарода за перамену веры
была зручнай нагодай для іх выкліку ў Жыровіцы або Полацк. Праводзіць жа
публічныя набажэнствы пакуль забаранілі, каб не прыцягваць увагі да гэтай
перамены.
З сярэдзіны мая ў галоўных гарадах
Заходняга краю, у яго самых знакамітых храмах, пачаліся з нагоды “ўз’яднання”
ўрачыстыя богаслужэнні “ліквідатараў” уніі разам высокімі праваслаўнымі
іерархамі. Скрыпіцын, які не дачакаўшыся дазволу з Пецярбурга, загадаў публічна
зачытаць сінадальны ўказ у царкве, атрымаў вымову обер-пракурора вышэйшага
духоўнага ведамства імперыі. Яно не хацела заўчасна абнародаваць здзейсненую
справу, бо на той момант народ яшчэ не ўсюль быў падрыхтаваны да праваслаўя і
мог ўспрыняць “уз’яднанне” як здраду духавенства веры бацькоў.
У Пецярбургу вырашылі карысным, каб
Беларусь і Літву наведаў і ў тых урачыстасцях удзельнічаў і галоўны дзеяч
“уз’яднання” І.Сямашка. 1 чэрвеня ён быў ужо ў Полацку. 11 чэрвеня служыў у
Мінску. Потым былі Жыровіцы. Гэтым мерапрыемствам імкнуліся надаць як найбольш
пыхі. Сіноду было далёка не абыякавым уражанне, якое яны зробяць на народ.
Вільню, самы “небяспечны пункт” - рэзідэнцыя каталіцкага біскупа, цэнтр
уніяцтва – Іосіф асмеліўся наведаць толькі ў канцы жніўня. 3 і 8 верасня тут
адбыліся ўрачыстасці: спачатку ва “ўз’яданным” Свята-Троіцкім, потым у
Свята-Духаўскім манастыры. Яны “затмили великолепием” усе калісьці быўшыя тут
духоўныя цырымоніі рымскай і уніяцкай цэркваў і моцна паўздзейнічалі на людскі
розум. Прысутнічала шмат шляхты – яна і развезла паўсюль звесткі. Гэтыя
богаслужэнні, як пісаў І.Чыстовіч, усіх пераканалі, што ўз’яднанне – справа
здзейсненая. Яны ж ўвянчалі 8-гадовыя намаганні па дасягненню мэты,
“предначертанной” імператарам. Сінод уступаў на гэтых землях у свае правы… 1
кастрычніка з’явіўся імператарскі ўказ аб усеагульным абнародаванні пастановы
сената ад 23 чэрвеня 1839 г. аб ўз’яднанні уніятаў.
Гісторыя абнародавання саборнага
рашэння нам вядома найперш з падачы саміх “уз’яднаўцаў”, а таксама тых
даследчыкаў, якіх мабілізавалі на ўсхваленне гэтай акцыі царызму. Гэтая гісторыя
– яшчэ адна старонка нашай мінуўшчыны, што пакуль не стала прадметам
спецыяльнага навуковага вывучэння.
А ў манастырах Украіны і Расіі, між
тым, таміліся тыя з уніяцкіх духоўных, хто ўхіліўся ад перамены веры. На 23
чэрвеня 1839 г. у Беларускай епархіі налічвалася 48 святароў і 42 манахі,
“упорствующие воссоединению”.
Царкоўная катастрофа 1839 г. для многіх абярнулася катастрофай асабістай:
перарваная кар’ера, зламаны лёс. Сотні перакананых ў праваце сваёй веры
беларускіх святароў, чый аўтарытэт жывіў апазіцыйныя настроі народа, сурова
заплацілі за свой уніяцка-папоўскі патрыятызм, спазнаўшы цкаванне, ганенні,
судовы пераслед, “пакуты” ў манастырах і турэмнае зняволенне, бадзянне па свеце,
высылку.
Ліквідацыя уніяцкай царквы стала нібы
дэтанатарам выбуху, які аднак не патрос дзяржаву, – улады яго папярэдзілі. Калі
душылі шляхецкія паўстанні, то з уніяцкім духавенствам і сялянствам расправіцца
было лягчэй. Былі нейтралізаваны ўсе актыўныя сілы, што сталі на абарону уніі.
Уніяцкая царква аказалася не ў стане
супрацьстаяць катастрофе 1839 г. Адным росчыркам імператарскага пяра 1,5 мільёна
вернікаў і каля 1470 прыходаў былі ўключаны ў склад Рускай праваслаўнай царквы.
Іх жаданне
далучыцца да пануючай веры зусім не лічылася абавязковай умовай пераварочвання.
Беларусь у сваёй гісторыі яшчэ
не ведала такой маштабнай адначасовай і радыкальнай перакройкі яе канфесійнай
карты. Гэта было не
толькі знішчэннем аднаго з культавых
інстытутаў,
але
вялікім
цывілізацыйным
паваротам. На беларускім
досведзе духоўна-рэлігійнай інтэграцыі Усходу і Захаду была пастаўлена кропка. “Исполинское
предприятие, столь же важное в
политическом, сколько и в религиозном смысле, которое
займёт блестящую страницу в летописях империи,”
– так назваў гэту справу кіраўнік Сінода Пратасаў.
Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў, г. Санкт-Пецярбург
(далей – РДГА). Ф. 797, воп. 87, спр. 18, арк. 14–32;
Марозава С. Місія камергера
Скрыпіцына // Історія релігій в Украіні: Науковий щорічник. 2005 рік.
Кніга 1. Львів, 2005. С. 365–371.
Radwan M. Carat wobec kosćioła
greckokatolickiego w zaborze rosyjskim. 1796–1839. Roma–Lublin, 2001.
S.174.
РДГА.
Ф. 797, воп. 87, спр. 18, арк. 27 адв.–28.
Тамсама,
арк. . 21 адв., 31.
РДГА..
Ф. 797, воп. 7, спр. 23446, арк. 43 адв.
Тамсама,
арк. 6 адв., 24.
Дзяржаўны архіў Расійскай
Федэрацыі, г. Масква (далей – ДАРФ). Ф. 109,
IV экспедыцыя. 1838 год, воп. 178, спр. 212, арк.
6 адв.–21.
Сушков Н.В. Воспоминания о
митрополите Литовском и Виленском Иосифе и об уничтожении унии в России.
М., 1869. С. 8.
Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы
(далей - ДГАЛ). Ф. 634, воп. 1, спр. 47, арк. 19, 28, 54, 72, 77, 79,
104.
РДГА. Ф. 797, воп. 7, спр.
23442, арк. 1 адв.;
Пятидесятилетие (1389–1889 г.) возсоединения с православною церковию
западно-русских униатов:
Соборные деяния и торжественные
служения в 1839 году. СПб., 1889. С. 52.
РДГА. Ф. 797, воп. 7, спр. 23442, арк. 1 в.
РДГА.
Ф. 797, воп. 7, спр. 23446, арк.
1–2 адв.
Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы
(далей - ДГАЛ). Ф. 421, воп. 1, спр. 552, арк. 3 адв.
РДГА.
Ф. 797, воп. 7, спр. 23446,
арк. 29–29 адв., 32.
ДГАЛ. Ф. 378. 1839 год, палітычны
аддзел, спр. 797, арк. 1–1 адв.
РДГА.
Ф. 797, воп. 87, спр. 22, , арк. 1–1 адв.
РДГА. Ф. 797, воп. 87, спр. 22, ,
арк. 1 адв.–7.
Тамсама, арк. 78, 83, 125,
136, 137, 152.
ДГАЛ. Ф. 605, воп. 2, спр. 2100,
арк. 1.
ДГАЛ. Ф. 605, воп. 1, спр. 3782,
арк. 1, 10.
РДГА.
Ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 138 б.
Тамсама, арк. 123–123 адв.
Тамсама, арк. 121, 132–132 адв.,
138 б.
РДГА. Ф. 797, воп. 7, спр. 23446, арк. 124, 125, 131–132 адв., 138 б,
148 адв.
Чистович И. Пятидесятилетие (1389–1889 г.)
возсоединения с православною церковию западно-русских униатов. СПб.,
1889. С. 56–57.
РДГА. Ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 123–123 адв.
Сушков Н.В. Воспоминания о
митрополите Литовском и Виленском Иосифе и об уничтожении унии в России.
М., 1869. С. 10, 11.
ДАРФ.
Ф. 109, IV
экспедыцыя. 1839 год, воп. 179, спр. 58, арк. 6–6
адв.
Киприанович Г.Я. Последнее воссоединение с
православной церковью униатов Белорусской епархии (1833–1839). СПб.,
1910. С. 82–85.
НГАБ. Ф. 1297, воп.1, спр. 11116,
арк.19–21, 29 адв.
ДАРФ. Ф. 109,
IV экспедыцыя. 1839 год, воп.
179, спр. 96, арк. 1–2.
РДГА. Ф. 797, воп. 9, спр. 25802,
арк. 1–5.
РДГА. Ф. 797, воп. 87, спр. 22, арк. 138 б адв.
РДГА. Ф. 797, воп. 7, спр. 23307, арк. 12.
НГАБ. Ф. 1297, воп.1, спр. 11261,
арк. 1 адв.–2
ДАРФ. Ф. 109, ІV
экспедыцыя, воп. 179, спр. 96, арк. 4–5; РДГА. Ф. 797, воп. 7, спр.
23442, арк. 10–10 адв.
НГАБ.
Ф. 1297, воп.1, спр. 11116, арк. 5–6 адв., 8, 11 адв., 27, 29 адв.,
53–53 адв.
Три докладные записки бывшего архиепископа
минского Антония Зубко графу М.Н.Муравьеву (1864 г.).
Вільна, 1901. С. 8–9.
Чистович И. Пятидесятилетие (1839–1889
г.) возсоединения с православною церковию западно-русских униатов. СПб.,
1889. С. 57.
Чистович И. Пятидесятилетие (1839–1889
г.) возсоединения с православною церковию западно-русских униатов. СПб.,
1889. С. 57; Пятидесятилетие (1839–1889
г.) возсоединения с православною церковию западно-русских униатов:
Соборные деяния и торжественные служения в 1839 году. СПб., 1889.
С. 18, 23.
РДГА. Ф. 797, воп. 9, спр. 25696,
арк. 1, 6, 7 адв.
Нацыянальная бібліятэка Расіі.
Аддзел рукапісаў. Ф. 690 “Сербіновіч К.С.”, спр. 5, арк. 1.
| |
Уверх
Кніга водзываў
|