Магдалена Радзівіл

Хатняя Барская канфедэр. Базыльянск. школа Супраціў дэунізацыі Місія Скрыпіцына Апошні акт супраціву Полацк. царк. сабор Магдалена Радзівіл Львоўскі царк. сабор Рэпрэсіраваная царква

Надсан, Аляксандр. Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі. – Менск, 2006. – 112 с. (Бібліятэка часопіса “Беларускі Гістарычны Агляд”)

 

Дзякуючы працам айчынных гісторыкаў, этнолагаў, філолагаў, філосафаў і культуролагаў (У. Конан, Я. Янушкевіч, А. Смалянчук, І. Трацяк і інш.) у апошнія два дзесяцігоддзі навуцы і грамадству стала вядома шмат новых старонак беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку ХХ ст.  У гістарычную памяць народа вернуты постаці адраджэнцаў, добра вядомых у свой час, але забытых няўдзячнымі нашчадкамі або і свядома выкрэсленых савецкай гістарыяграфіяй з народнай памяці. Сярод гэтых адраджэнцаў – прадстаўнікі інтэлігенцыі дробнашляхецкага паходжання, святарства, буйных памешчыкаў (напрыклад, Р. Скірмунт). Невялікая па аб’ёму, але ад гэтага не менш каштоўная праца Аляксандра Надсана, што ў 2006 г. выйшла ў бібліятэцы часопіса “Беларускі гістарычны агляд”, знаёміць нас з жыццём і дзейнасцю княгіні Магдалены Радзівіл (1861–1945 гг.), якая сярод постацей беларускага нацыянальнага і рэлігійнага адраджэння пачатку ХХ ст. займае не апошняе месца.

Кніга складаецца з дзвюх глаў і напісана на крыніцах і літаратуры беларускага і замежнага паходжання,   з якіх апошнія цяжкадаступныя, а то і зусім недаступныя даследчыкам з РБ. Крок за крокам першая глава раскрывае шлях гэтай арыстакраткі да беларускага нацыянальнага руху.

Народжаная ў Варшаве, Магдалена  Радзівіл (у дзявоцтве – Завішанка, з сям’і Завішаў) сваімі каранямі цесна звязана з Беларуссю. Яе дзяцінства збольшага прайшло ў бацькоўскім маёнтку Кухцічы , што ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні, у пяці вярстах ад Узды.  Бацька, вядомы археолаг Ян Завіша, як адзначае А.Надсан, належаў да тых прадстаўнікоў беларускіх шляхецкіх родаў, якія, нягледзячы на вонкавую паланізацыю, добра ведалі беларускую мову, засталіся патрыётамі сваёй бацькаўшчыны і зрабілі ўнёсак у вывучэнне яе гісторыі і культуры. Такімі былі браты Канстанцін і Яўстафій Тышкевічы, Уладзіслаў Сыракомля, Адам Кіркор і інш. Для аўтара кнігі не падлягае сумневу ўплыў бацькі на тую любоў да Беларусі і беларускага народа, якая зарадзілася ў дзяўчаці, а пасля прывяла да ўсведамлення ёй сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Даследчык дапускае, што на рост яе беларускай нацыянальнай свядомасці паўплывалі не вельмі шчаслівыя адносіны з маці-полькай.

У 1881 г., як даведваемся мы з першай главы кнігі, Магдалена выйшла замуж за польскага графа Людвіка Красінскага і ў пасаг атрымала маёнтак Жорнаўка ў Ігуменскі павеце з больш як 27 тысячамі дзесяцін зямлі. Застаўшыся ў 1895 г. удавой, яна шмат падарожнічала па Еўропе і ў 1906 г. у Лондане выйшла замуж за князя Мікалая Радзівіла, на 19 гадоў маладзейшага за яе. Гэта быў добра адукаваны няўрымслівы малады чалавек, удзельнік паўднёва-афрыканскай (бурскай) вайны 1899–1902 гг., руска-японскай вайны 1904–1905 гг. Сярод палякаў М. Радзівіл меў рэпутацыю масквафіла, і яго шлюб з багатай удавой польскага арыстакрата, якая магла б быць яго маці, быў сустрэты непрыхільна. А.Надсан дапускае, што гэта і паўплывала на канчатковы разрыў Магдалены Радзівіл і яе мужа з польскім грамадствам. Да таго ж з выхадам у 1906 г. першых легальных беларускіх газет “Наша доля” і “Наша ніва” пачаў набіраць сілы беларускі адраджэнскі рух.

Узяўшы шлюб, Магдалена жыла разам з мужам  у Кухцічах або ў Мінску. Князь загінуў у Першую сусветную вайну ў Прусіі. Пахавалі яго ў Кухцічах. Да таго часу Мікалай і Магдалена Радзівіл ужо з’яўляліся добра вядомымі беларускімі дзеячамі, лічылі сябе беларусамі, за што іх вельмі не любілі польскія дэмакраты, у якіх, паводле слоў А. Надсана, у галаве не магло памясціцца, “каб шляхціц, пан, а то яшчэ і князь ды мог быць беларусам”. Затое беларускія дзеячы добра разумелі, што ў асобе князя яны страцілі абаронцу справы іх адраджэння, які спрычыніўся да ўздыму беларускай мовы.  У Мінску, праз які цела князя везлі на пахаванне ў Кухцічы, на труну ўсклалі вянок з надпісам: “Князю Мікалаю, сыну зямлі беларускай, беларусы”.

Прыведзеныя ў кнізе факты і вынікаючыя з іх аўтарскія назіранні наконт падтрымкі князямі Мікалаем і Магдаленай Радзівіл беларускага нацыянальнага руху і іх антаганізму з польскімі коламі цалкам ламаюць ранейшае ўяўленне пра спаланізаванасць і паланізатарскую дзейнасць беларускай заможнай шляхты ў ХІХ – пачатку ХХ ст. і з’яўляюцца моцным аргументам супраць расхожага і сёння сцвярджэння: “Беларуская шляхта? Дзе вы знайшлі на Беларусі беларускую шляхту? Гэта польская шляхта!” Так звычайна думаюць сучасныя, як правіла, русіфікаваныя паслядоўнікі заходнерусізма, ніяк не дапускаючы, што ідучы ўслед за  іхняй логікай, і іх саміх нельга называць беларускімі гісторыкамі.

Стан крыніц не дазволіў А.Надсану вызначыць, калі распачаўся актыўны ўдзел княгіні ў беларускім нацыянальным жыцці. Ён дапускае, што яна вельмі рана пачала дапамагаць беларускай суполцы ў Пецярбургу “Загляне сонца і ў наша ваконца”, што існавала ў 1906–1914 гг. пад кіраўніцтвам прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы. З віленскімі коламі, што гуртаваліся вакол газеты “Наша ніва”, яна, відаць, усталявала сувязі пазней. У 1913 г. “на падтрымку беларускага выдавецтва ў Вільні” княгіня дала 20 тыс. рублёў.  Зборнікі вершаў Максіма Багдановіча “Вянок”, “Курганная кветка” Канстанцыі Буйло, “Рунь” Максіма Гарэцкага, “Васількі” Ядзвігіна Ш., “Родныя з’явы” Тараса Гушчы (Я.Коласа) выйшлі са знакам “Лебедзь”, які трохі нагадвае вянок, – гербам роду Завішаў, з якога паходзіла Магдалена.

У 1917–1918 гг., пару вялікіх перамен і спадзяванняў, якія ўвасобіліся для беларусаў у акце абвяшчэння БНР, княгіня, як вынікае з кнігі, трымалася ў цэнтры падзей. У яе доме на Захар’еўскай вуліцы ў Мінску збіраліся беларускія дзеячы. Акрамя таго, яна мела мацнейшыя сувязі з Вільняй і Пецярбургам. Княгіня адной з першых пачала клапаціцца пра беларускае школьніцтва, засноўваючы ў сваіх маёнтках беларускія школы. У 1917–1918 гг. у іх настаўнічалі вядомая Паўліна Мядзёлка, сёстры паэткі Канстанцыі Буйло. Ва Уздзе Магдалена заснавала рамеснае вучылішча для сялянскіх дзяцей,  на якое асігнавала 20 тыс. руб. у год. Справаводства ў маёнтках княгіні было пераведзена на беларускую мову. Сама яна вымагала, каб з ёй гаварылі па-беларуску.

Глыбока пабожная асоба, каталічка, М. Радзівіл, як паказана ў кнізе, з разуменнем і павагай ставілася да рэлігійных пачуццяў іншых людзей, веравызнанне якіх яна не падзяляла. Яна разумела, як важна мець свядомых святароў і чым шырэй выкарыстоўваць родную мову ў царкоўным жыцці.

Княгіня трымала сувязь з беларускімі святарамі і студэнтамі Пецярбургскай духоўнай акадэміі, дапамагала заснаванаму ў 1912 г. беларускаму студэнцкаму таварыству набыць сваю бібліятэку, вельмі магчыма, што дапамагала некаторым студэнтам акадэміі ў аплаце за атрыманне адукацыі. Яна фінансава падтрымлівала выданне вучэбнай літаратуры і рэлігійных кніг на беларускай мове. Княгіня сістэматычна пакрывала даўгі тыднёвай каталіцкай газеты “Беларус” (выходзіла ў Вільні ў 1913–1915 гг.), якая абуджала нацыянальную свядомасць у беларусаў-католікаў.

А. Надсан у сваёй кнізе шмат палемізуе з В. Хурсікам, аўтарам кнігі “У промнях славы. Магдалена Радзівіл” (Мінск: Пейто, 2001, 112 с.) у сувязі з шэрагам прысутных у гэтай кнізе фактычных недакладнасцей, памылак і некарэктных ацэнак.

Кніга А. Надсана раскрывае шматбаковую дзейнасць княгіні па падтрымцы беларускага руху. Яна заснавала таварыства дапамогі сем’ям пакліканых у армію. Імкнулася стварыць беларускі рэлігійны асяродак у Мінску. Для яго хацела выкупіць у горада былы Дамініканскі касцёл з кляштарам, якія былі скасаваны ў 1865 г., і аддаць іх католікам, каб размясціць там розныя дабрачынныя прытулкі. Яна вяла перамовы з гарадской радай аб заснаванні ў Мінску каталіцкай навучальнай установы, якая б захавала беларусаў-католікаў ад паланізацыі праз адукацыю. Прапанова княгіні, як паказана ў кнізе, сутыкнулася з супрацівам праваслаўнага духоўнага ведамства і ў 1915 г. атрымала адмоўны адказ з Міністэрства ўнутраных спраў.

Зусім небеспадстаўна А. Надсан прыпісвае М. Радзівіл апублікаванне ў 1914 г. у аўтарытэтным французскім часопісе “Les Annales des Nationalites” (Летапіс нацыянальнасцяў) трох карэспандэнцый з Мінска, падпісаных  ініцыяламі X.Y.Z. Аўтар тых лістоў піша пра бязглуздыя паводзіны мінскага губернатара, які робіць усё магчымае, каб зрабіць афіцыйную праваслаўную рэлігію ненавіснай. Пераследам каталіцкіх святароў ён надае ім папулярнасці. У другім лісце асуджалася паланізатарская дзейнасць каталіцкага духавенства Беларусі.

А. Надсан слушна адзначае, што на пачатку ХХ ст. дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння надавалі шмат увагі рэлігійнаму пытанню, асабліва ролі рэлігіі ў захаванні і развіцці нацыянальнай свядомасці. Яны бачылі, піша даследчык, як суседзі выкарыстоўвалі ў сваіх палітычных мэтах рэлігійны падзел сярод беларусаў. Таму шмат хто тады сур’ёзна задумваўся пра магчымасць адраджэння Уніі, скасаванай расійцамі ў 1839 г. Пра вяртанне Уніі думалі пісьменнік і мастак Карусь Каганец (“А вуніяцкая вера наша, бо яна ў нас вытварылася”), паэтка Цётка (“Унія для беларусаў была б крэпкай падпорай, бо лацінскае духавенства ў нас на нішто”), заснавальнікі газеты “Наша ніва”, асабліва Іван Луцкевіч, якія падтрымлівалі шчыльныя сувязі з мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім. Пытаннямі Уніі цікавіліся беларускія студэнты Духоўнай акадэміі ў Пецярбургу. І сярод іх – Антон Неманцэвіч, будучы беларускі грэка-каталіцкі экзарх.

Паводле А. Надсана, М. Радзівіл глыбока перанялася думкаю адраджэння Уніі, якую яна называла народнаю вераю. Як хрысціянка, яна балюча перажывала царкоўнае раз’яднанне. Адказнасць за заняпад і знішчэнне Уніі яна ўскладала на беларускую магнатэрыю і шляхту, якія, апалячыўшыся і прыняўшы рымскі абрад, пакінулі свой народ. Эпіграфам да першага раздзела кнігі А. Надсан абраў урывак з ліста М. Радзівіл, які яна напісала 18 мая 1828 г. а. Фабіяну Абрантовічу: “Мяне заўсёды мучыць думка, што пакінуўшы ўсходні абрад, мае продкі зрабілі страшэнную крыўду Каталіцтву”. І далей: “...праз злучэнне з Царквой моцнай дзеля сьвецкіх меркаваньняў яны тым самым дарэшты аслабілі Унію, якая патрабавала большай апекі і якая, з прычыны адыходу ад яе адукаваных клясаў, дайшла да ўзроўню, калі ня стала ёй сілаў для змаганьня са схізмаю”.

М. Радзівіл назаўсёды пакінула Беларусь у 1918 г., напярэдадні, як піша А.Надсан, бальшавіцкай акупацыі. Спачатку жыла ў Польшчы, потым у Літве, пасля пераехала ў Германію. Большасць яе маёмасці засталася па гэты бок мяжы і апынулася ў руках бальшавікоў. Кантакты з бацькаўшчынай яна падтрымлівала праз пошту. Многія з тых, хто карыстаўся з шчодрасці княгіні, забыліся пра яе. Адным з тых, хто не страчваў з ёю сувязі, быў а. Баляслаў Пачопка, былы рэдактар газеты “Беларус”, а потым – уніяцкі святар на Палессі. Ён атрымаў ад Магдалены дапамогу на пабудову уніяцкай царквы ў Бабровічах на Палессі. Гэта дапамога не азначала, што княгіня ўхваляла ўсе яго метады пастырскай дзейнасці. У прыватнасці, ён прыцягваў да сябе праваслаўных тым, што браў за духоўныя паслугі менш за папоў. М. Радзівіл называла гэта “геройскім учынкам” (Б. Пачопка быў бацькам вялікай сям’і), але “такога роду прапаганда мала абяцае: варта папам зьнізіць цэны – і будуць мець назад сваіх былых прыходжанаў”.

М. Радзівіл, як сцвярджаецца ў кнізе, мала верыла ў здольнасць рымска-каталіцкай  царквы дапамагчы збліжэнню праваслаўных і католікаў і наогул даволі крытычна глядзела на Каталіцкую Царкву ў Польшчы. Вартая ўвагі думка, выказаная ёй у лісце да а. Фабіяна Абрантовіча 18 мая 1928 г.: “Ва ўсёй Эўропе цывілізацыя выйшла з Царквы. Яна вучыць людзей думаць, а ня цэлы дзень праседжваць у храме. А ў Польшчы, апроч пабожнасьці ў як найбольш сціслым сэнсе, г.зн. прысутнасьці на богаслужэннях, пастоў і прымання сакрамэнтаў, людзі нічога не навучыліся”.

Рэшту жыцця М. Радзівіл правяла ў Швейцарыі, у кляштары дамініканак.

Узнікшы ў беларускіх нацыянальных дзеячаў ў пачатку ХХ ст., ідэя адраджэння Уніі набыла асаблівую моц у 1920-я г. Сярод святароў яе прыхільнікамі А. Надсан называе Адама Станкевіча, Язэпа Германовіча, Канстантына Стаповіча, Уладыслава Талочку і інш.

У другой палове 1920-х г. стаўленне да Уніі пагоршылася. Аўтар тлумачыць гэта яе падпарадкаванне папствам сваім інтарэсам па пераносу уніяцкага руху на тэрыторыю Расіі. Услед за М. Радзівіл даследчык вельмі крытычна ставіцца да дзейнасці езуіцкага кляштару ў Альбертыне каля Слоніма, заснаванага ў 1924 г. каб рыхтаваць місіянераў для Расіі. Беларусы, як сцвярджаецца ў кнізе, з падазрэннем глядзелі на польскіх езуітаў у адзенні расійскіх бацюшкаў. “...Ня маю даверу да фантастычнай падтрымкі Уніі польскімі езуітамі ў маскарадных усходніх строях,  – выказалася на гэты конт княгіня. – ...Народ  наш надта разумны, каб яго маглі ашукаць лацінскія камэдыянты”. Праўда,  як піша А. Надсан, “альбэртынскія айцы хутка самі зразумелі недарэчнасьць свайго становішча і пачалі весьці пастырскую і выдавецкую працу сярод беларусаў”.

Паводле А. Надсана, М. Радзівіл была перакананая, што “для сапраўднага дабра Уніі патрэбны беларускія сьвятары, усім сэрцам адданыя ёй, і з намерам захоўваць яе да сьмерці”. Яна марыла пра той час, калі за справу Уніі возьмецца “сапраўдны ўніят, пасьвячаны ўніяцкім біскупам, пасьля навукі ва ўніяцкай сэмінарыі”. Каб рыхтаваць такіх святароў, яна яшчэ ў 1917 г. распачала захады па заснаванню беларускай уніяцкай семінарыі ў Рыме. Пра гэта расказвае другі раздзел кнігі.

Другі раздзел кнігі называецца “Таямніца брыльянтавага калье”. Ён напісаны А. Надсанам на падставе дакументаў, якія трапілі ў яго рукі  ў 1983 г. і якія зараз захоўваюцца ў архіве Бібліятэкі Ф.Скарыны ў Лондане.

Пра таямніцу калье Магдалены Радзівіл, як мы даведваемся з кнігі,  пісаў яшчэ ў 1940 г. ананімны аўтар, у 1957 г. – а .Чэслаў Сіповіч. У 1965 г. Г.Піхура, даўшы волю сваёй фантазіі, сцвярджаў, што маёмасць, якую М. Радзівіл дала а. Ф. Абрантовічу на заснаванне беларускай (уніяцкай) калегіі ў Рыме, трапіла ў рукі бальшавікоў. Звесткі пра калье княгіні, якія пазней прывялі Ю. Туронак, С. Абламейка і іншыя даследчыкі, яшчэ больш заблыталі гэта пытанне. Вакол калье М.Радзівіл стварылася легенда, у якой было немагчыма знайсці праўду.

Таямніца калье, разблытаная А. Надсанам, змусіла яго пераглядзець свае погляды на некаторыя падзеі ў гісторыі беларускага рэлігійнага адраджэння і ролі асобаў, якія мелі да іх дачыненне. “Не магу сказаць, каб гэта прынесла мне радасць,” – прызнаўся даследчык. Пасля многіх гадоў ваганняў А. Надсан вырашыў абнародаваць раскрытую ім тайну. Яшчэ ў 2000 г. у адказ на згадкі, якія зачасцілі ў беларускай літаратуры ў 1990-я г., пра “дар княгіні М.Радзівіл марыянам” у Друйску ён адрэагаваў артыкулам “Таямніца брыльянтавага калье Магдалены Радзівіл”, які быў надрукаваны ў “Нашай ніве” (№№ 49–50). А. Надсан не палічыў патрэбным далей хаваць у сакрэце справу такой важнасці, кіруючыся прынцыпам: чым даўжэй хаваць прыкрую праўду, тым больш балюча ўспрымуць яе людзі, калі ўрэшце даведаюцца, не кажучы пра тое, што яны страцяць давер да таго, хто хаваў яе.  Аўтар-святар перакананы ў асаблівым праве ведаць ўсю праўду тых, каму не абыякавы лёс Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, што цяпер паволі і з вялікімі цяжкасцямі адраджаецца.

Пра таямніцу княжацкага калье, а калі шырэй – пра прычыны бед і няўдач беларускай справы – чытайце ў кнізе А. Надсана з яе дакументальнымі дадаткамі ў справе гэтага калье…

Дзякуй часопісу “Беларускі гістарычны агляд”, які публікацыяй працы А. Надсана даў магчымасць пазнаёміцца з добрай, разумнай, высакароднай у пачуццях да беларускага народа, бескампраміснай асобай княгіні Магдалены Радзівіл, для якой цяпер павінна знайсціся месца сярод выдатных постацей нашай гісторыі. Сваім укладам у справу беларускага нацыянальна-рэлігійнага адраджэння, не шукаючы падзякі, Магдалена Радзівіл заслужыла ўдзячнай памяці беларусаў, і не толькі свайго пакалення…

Уверх

Кніга водзываў


Каталог TUT.BY

 
Уладальнік сайта і старшыня праекту: Святлана Валянцінаўна Марозава, доктар гістарычных навук, прафесар. Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. (s_maro сабака  tut.by)
Тэхнічны выканальнік: Сяргей Марозаў (Banifacyj) (banifacyj сабака mail.ru)
© 2007
Дата апошняга абнаўлення гэтай старонкі: 07.01.2009
Используются технологии uCoz