Берасце 1596 г.

Хатняя К. Астрожскі Берасце 1596 г. В. Цяпінскі Грыгарыянскі календ. Базыл. кангрэгацыі Контррэфармацыя І. Кунцэвіч Л. Сапега С. Ляшчынскі Палемічная літарат. Перасцярога Сігізмунд І Сігізмунд ІІ Сігізмунд ІІІ С. Полацкі Супрасльская тып. Уладзіслаў IV Уніяцкая адукацыя Г. Валуа Віленскае Барока Е. Валовіч

ПАДЗЕІ Ў БЕРАСЦІ 6 – 10 КАСТРЫЧНІКА 1596 Г.

 

С.В. Марозава (ГрДУ імя Я.Купалы)

 

 

У гісторыю Еўропы беларускі горад Брэст увайшоў  дзвюма буйнейшымі падзеямі: Берасцейскай царкоўнай уніяй 1596 г. і Брэсцкім мірам 3 сакавіка 1918 г.

Радзімай рэгіянальнай царкоўнай уніі горад стаў не выпадкова. Беларуска-польскае сумежжа, на якім Берасце і Гародня з’яўляліся буйнейшымі цэнтрамі, найперш прымала на сябе заходнехрысціянскія культурна-рэлігійныя ўплывы і найбольш, у параўнанні з астатнімі тэрыторыямі Беларусі, было гатова да рэцэпцыі пэўных формаў польскай і заходнееўрапейскай культуры, да  іх сінтэзу з каштоўнасцямі ўсходняга хрысціянства. Заўважым, царкоўная унія была заключана на захадзе Беларусі, ліквідавана – на ўсходзе (у 1839 г. у Полацку).

Вызначальнае значэнне ў выбары Берасця месцам правядзення лёсаноснага царкоўнага сабора, пра які пойдзе размова ў гэтым артыкуле,  меў высокі палітычны, царкоўны і культурны статус горада. У ХVI ст. Берасце было адным з галоўных эканамічных і культурных цэнтраў Вялікага княства Літоўскага, другім па значэнні (пасля Вільні) горадам дзяржавы [1, с. 274]. Сваю ролю адыграла і тое, што Берасце мела традыцыю правядзення соймаў і з’ездаў шляхты, царкоўных сабораў. Берасце з’яўлялася цэнтрам епархіі, рэзідэнцыяй епіскапа берасцейскага і ўладзімірскага Іпація Пацея – галоўнага творцы уніі. Горад, дзе ён меў вялікія сувязі, шмат прыхільнікаў і найбольш моцныя ўплывы, дзе ён адчуваў сябе найбольш бяспечна, лагічна стаў месцам абвяшчэння знакамітай уніі.

У той жа час, варта агаварыцца, што ўсё-ткі найлепшым месцам для правядзення падзеі такога значэння была кананічная кафедра мітрапаліта ў Вільні або ў Кіеве, ці хоць бы яго рэзідэнцыя ў Наваградку. Але Вільня праяўляла непакору мітрапаліту. Іншыя кафедры знаходзіліся ў аддаленні ад мітрапалітальнага цэнтра і мелі з ім слабыя юрысдыкцыйныя сувязі, а Полацкая архіепархія да таго ж размяшчалася блізка ад праваслаўнай Масковіі. На Украіне, у Валынскай епархіі, даваў сябе знаць моцны ўплыў праваслаўнай магнатэрыі і шляхты, у прыватнасці, кіеўскага ваяводы князя Канстанціна Астрожскага. Так што з гарадоў, разглядаліся як месца правядзення сабора – Вільня, Наваградак, Гародня, Берасце, выбар паў на апошні [2, с. 26].

Дарэчы, раскіданае па навуковай і папулярнай літаратуры сцвярджэнне аб тым, што царкоўная унія была заключана ў 1596 г. у Брэсце, няправільнае. Царкоўны саюз Кіеўскай мітраполіі і папства быў заключаны ў Рыме 23 снежня 1595 г. У гэтым сэнсе больш правільна было бы гаварыць пра Рымскую унію 1595 г., якая была санкцыянавана царкоўным саборам у Берасці.

Вясной 1596 г. епіскапы берасцейска-уладзімірскі епіскап Іпацій Пацей і епіскап луцкі і астрожскі Кірыл Тарлецкі, якія заключылі унію ў Рыме, вярнуліся на радзіму. Яны прывезлі з сабой 16 лістоў ад папы да караля і саноўнікаў Вялікага княства Літоўскага і Польскага каралеўства з просьбай падтрымаць унію. Епіскапаў чакала гэтакая ж напружаная абстаноўка, як і пры выездзе.  У Берасці духавенства і вернікі радасна віталі свайго ўладыку, калі ён вярнуўся з Рыму. Але брацтва св. Мікалая, якое сам жа І.Пацей, яшчэ будучы кашталянам, заснаваў, яго не ўважыла і ўстала ў апазіцыю да уніі [3, с. 176].

Ніякія захады не змаглі змякчыць пазіцыю ўплывовага магната кіеўскага ваяводы Канстанціна Астрожскага, які, убачыўшы, што епіскапат адкінуў яго праект уніі, стаў да яе ў апазіцыю. Астрожскі канчаткова перацягнуў на свой бок епіскапаў львоўскага і пярэмышльскага. Рашаючая сутычка прыхільнікаў і праціўнікаў уніі чакалася на саборы, які меўся быў скліканым дзеля яе ратыфікацыі.

Сваёй граматай ад 14 чэрвеня 1596 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт ІІІ даў дазвол кіеўскаму мітрапаліту Міхаілу Рагозе, які пасля вяртання епіскапаў Пацея і Тэрлецкага з Рыму стаў  гарачым прыхільнікам уніі, для канчатковага вырашэння пытання аб уніі склікаць у Берасці сабор. У грамаце гаварылася, што традыцыя “згоды костела Всходнего с костелом Заходным” даўняя і старажытная. “Разорванье и розлученье” цэркваў прынесла шмат бед людзям, дзяржавам, хрысціянскай веры. Моцную шкоду ад расколу хрысціянства зведвае і Рэч Паспалітая. Таму, кіруючыся інтарэсамі сваёй дзяржавы, як дэкларавалася ў грамаце, “мы умысл наш склонили, якобы люди религеи Греческое в панстве нашом до первшое и старожитное единости  с костелом повшехным католицким Римским, под послушенство одного звирхного пастыра приведены были”. Пры гэтым агаворвалася, што “ничого нового и збавенью вашому противного” уводзіцца не будзе, ніякіх змен “церемоний ваших церковных звыклых” не адбудзецца. “Для прудшого приведенья до скутку тое справы  сынод зложить казали” “в месте нашом Берестейском, на час, который … наслушней здаватися будет”. Выказвалася ўпэўненасць, што ўдзельнікі сабору “кгды се добра порахуете, ничого потребнейшего, важнейшого и потешнейшого пожедать собе не можете над тую святую единость стародавное повшехное веры, которая милость, згоду и покой спольный межи народы задерживает и помножает, а целость Речи Посполитой … стережет”. Дазвалялася прыязджаць  на  сабор, каб “тым святобливым справам прислухиваться”, католікам і праваслаўным – падданым Рэчы Паспалітай. У грамаце агаворвалася, каб “иншые люди розное веры, также ани посторонные там на тот сынод … не были припущаны” [4, с. 133–135].

У сваім пасланні ад 21 жніўня 1596 г., пісаным ў Наваградку, кіеўскі мітрапаліт М. Рагоза абвясціў “их милости князем, паном воеводам, каштеляном, маршалком, старостам и всим благоверным хрестианом, людем закону нашого Греческого” аб скліканні, згодна з каралеўскім дазволам, 6 кастрычніка 1596 г. сабора ў “Берестью Литовском” “для намовы пильное в справах наших духовных”. На сабор запрашаліся “для прислуханья и обмышливанья” хрысціяне грэчаскай веры. А хто сам на сабор прыбыць не хоча, каб прысылаў сваіх паслоў, надзеленых адпаведнымі паўнамоцтвамі [4, с. 135].

На працягу лета прыхільнікі і праціўнікі уніі рыхтаваліся да сабора. Паколькі ён быў прызначаны ў берасцейскай сядзібе епіскапа І.Пацея, у прыватнасці, у яго Святамікалаеўскім саборы, то сам І.Пацей, як гаспадар урачыстасці, заняўся ўзмоцненай падрыхтоўкай да сабора.

Царква св. Мікалая – найстаражытнейшая з гарадскіх святынь. Яна упершыню згадваецца ў магдэбургскай грамаце Берасцю 1390 г. [2, с.27]. Вонкавы выгляд храма нам вядомы па фрагменту ілюстрацыі з кнігі генеральнай візітацыі цэркваў г. Брэста 1759 г., апублікаваным у працы “Белоруссия и Литва. Исторические судьбы Северо-Западного края” (Санкт-Петербург, 1890. С. 141) [5, с. 319].

Берасце налічвала тады каля 8 тысяч жыхароў і каля 1000 сядзіб гараджан. Горад складаўся з трох асноўных звязаных паміж сабой частак: замка, “места” і Замухавечча. Замак размяшчаўся на востраве, утвораным Бугам і Мухаўцом на месцы дзядзінца старажытнага Бярэсця. “Месца” знаходзілася на ўсход ад замка, на другім беразе Мухаўца і Буга.  У цэнтры месца знаходзілася паўавальная гандлёвая плошча, злучаная мостам цераз Мухавец з замкам. Тут жа была стаяла ратуша з высокай гадзіннікавай вежай (час абвяшчаў гарадскі трубач), друкарня, саляны склад, аптэка, воскабойня, 23 сядзібы гараджан (паводле інвентару 1566 г.). Ад плошчы ў радыяльных напрамках адыходзілі тры вуліцы, на якіх размяшчаліся сядзібы гараджан, гарадскі шпіталь, цэрквы, касцёлы і інш. На адной з гэтых вуліц знаходзіўся двор праваслаўнага епіскапа з мураванай царквой св. Мікалая, у якой і адбыўся гістарычны сабор 6–10 кастрычніка 1596 г.  Усяго ж у канцы ХVI ст. у Берасці былі 3 праваслаўныя цэрквы: Мікалаеўская, Васкрасенская і Міхайлаўская і 4 касцёлы: фарны, Варварынскі  і інш. [1, с. 274].

У адказ на заклік мітрапаліта да 6 кастрычніка ў Берасце прыбылі ўсе «рускія» епіскапы, настаяцелі буйнейшых манастыроў, пэўная колькасць ніжэйшага духавенства, прадстаўнікі брацтваў, шляхты. Свецкія людзі маглі быць толькі слухачамі. Гэта быў самы прадстаўнічы сабор Кіеўскай мітраполіі – ні да, ні пасля 1596 г. не ўдавалася сабраць такую колькасць духоўных і свецкіх станаў мітраполіі. Украінскі даследчык Л.Цімашэнка налічыў усіх удзельнікаў Берасцейскіх сабораў 175: 24 удзельнікі унійнага і 151 удзельнік праваслаўнага [2, с. 29, 35].

Паколькі ўдзельнікі прыехалі на сабор з гатовымі ўзаемавыключнымі пазіцыямі, з намерам не ісці ні на якія кампрамісы, у Берасці адбыліся два асобныя саборы. Пасяджэнні прыхільнікаў уніі адбываліся ў кафедральным храме І.Пацея, імі кіраваў мітрапаліт. Князь К.Астрожскі арганізаваў альтэрнатыўны сабор, які праходзіў на супрацьлеглым канцы горада ў доме знатнага арыяніна М.Райскага. Такім чынам, у адказ на заклік мітрапаліта ў Берасці, па сутнасці, сабраліся два асобныя саборы. Кожны з іх пачаў з абвяшчэння ўласнай легітымнасці, а скончыў асуджэннем “адступнікаў”.

В першым саборы ўдзельнічалі мітрапаліт,  5 епіскапаў: уладзімірскі і берасцейскі Іпацій (Пацей), епіскап луцкі і астрожскі Кірыл (Тэрлецкі), які да таго ж выступаў под тытулам патрыяршага экзарха, архіепіскап полацкі Грыгорый Герман, холмскі епіскап Дыянісій Збіруйскі і епіскап пінскі і тураўскі Іона Гогаль, тры архімандрыты з Беларусі: Мінскага, Лаўрышаўскага і Браслаўскага манастыроў. Прадстаўніцтва белага духавенства і свецкіх людзей устанавіць цяжка, паколькі галоўны саборны дакумент падпісалі толькі вышэйшыя духоўныя асобы, але, мяркуюць,  іх колькасць была значнай..

 Тры сенатары і высокапастаўленых саноўнікі Вялікага княства Літоўскага – канцлер Леў Сапега, які быў у добрых адносінах з К.Астрожскім; вялікі маршалак і трокскі ваявода Мікалай Крыштаф Радзівіл, падскарбій і берасцейскі староста Дзмітры Халецкі, адказны за парадак у сваім горадзе, – прадстаўлялі караля. Усе яны былі католікамі: апошні перайшоў у каталіцызм з праваслаўя, два другіх – з пратэстанцтва. Яны былі накіраваны на сабор «не для рассуждений духовных, но для соблюдения порядка и покоя».

 Епіскапаў, якім пагражаў князь Астрожскі, ахоўвалі ў Берасці каралеўскія вайсковыя падраздзяленні.

Ад імя папы рымскага на саборы прысутнічалі тры каталіцкіх іерархі: епіскапы луцкі Бернард Мацэёўскі, холмскі – Станіслаў Гамалінскі і львоўскі архіепіскап Ян Дзмітрый Салікоўскі. З імі быў грэчаскі багаслоў доктар Грэчаскай калегіі ў Рыме Пётр Аркудзій, які ўдзельнічаў у цырымоніі заключэння уніі ў Рыме ў 1595 г. У нарадах і дыскусіях бралі ўдзел тэолагі-езуіты Пётр Скарга і Юстын Раб [5, с. 304–305].

За спіной антыуніяцкага сабора стаяў К.Астрожскі. Ён прывёў з сабой войска ў 2-3 тысячы жаўнераў, якое, аднак, задзейнічана не было. Толькі дзякуючы дзейнасці каралеўскіх прадстаўнікоў, якія падчас двухразовых канферэнцый з К.Астрожскім 7 (17) і 8 (18) кастрычніка адхілілі яго ад намеру сілай разбіць уніяцкі сабор, у Берасці не дайшло да больш сур’ёзных сутыкненняў.

Вышэйшае “рускае” духавенства на альтэрнатыўным саборы прадстаўлялі 2 епіскапы: львоўскі – Гедэон (Балабан)  і пярэмышльскі – Міхаіл (Капыстенскі), 16 пратапопаў, 9 архімандрытаў, сярод іх выдзяляўся Нікіфар Тур з Кіева-Печорскай лаўры, які, як і епіскапы, у першых дэкларацыях падтрымаў унію, а ў апошнія месяцы стаў яе ўплывовым праціўнікам; ігумены і старцы з 12 манастыроў. Было шмат прадстаўнікоў ніжэйшага духавенства (розныя даследчыкі прыводзяць іх колькасць ад 25 да 200), шляхты і гарадоў [5, с. 305; 6, с. 18]. У сувязі з запрашэннем Астрожскім, насуперак каралеўскай забароне, на ўдзел ў «рускім» саборы прадстаўнікоў іншых веравызнанняў, вучоны тэолаг П.Аркудзій здзіўляўся «вольности в этом Королевстве».  У антыуніяцким лагеры знаходзіліся таксама 22 магнаты і прадстаўнікі брацтваў – 35 мяшчан з 16 гарадоў. Вядучай духоўнай фігурай быў прадстаўнік Царгарадскага (Канстанцінопальскага) патрыярхату грэк Нікіфар.

Хоць кароль адзначыў у сваёй грамаце, што на сабор будуць дапушчаны толькі епіскапы, духоўныя і свецкія «рускія», але не чужаземцы, К.Астрожскага суправаджала група аттаманскіх падданых. Сярод іх Нікіфар, якога канстанцінопальскі патрыярх Ярэмія II яшчэ ў 1592 г. прызначыў патрыяршым экзархам, хоць той і не быў святаром. Ў Берасці правадзейнасць  яго экзаршага мандата, выдадзенага патрыярхам, які памёр годам раней, была пастаўлена пад сумнеў. Паколькі Нікіфар не з’яўляўся святаром, а тым больш епіскапам, яго права галасаваць і накладваць санкцыі на “рускіх” уладык уяўлялася сумнеўным нават самім удзельнікам антыуніяцкага сабора. Інтарэсы александрыйскага патрыярха Мялеція Пігаса на саборы прадстаўляў грэк Кірыл Лукарыс, якому пазней выпала 6 разоў займаць пост главы Царгарадскага патрыярхату. На аўтарытэт гэтага патрыярхату спасылаўся ў адстойванні сваёй антыуніяцкай пазіцыі дадзены сабор [5, с. 305].

Такі склад удзельнікаў альтэрнатыўнага сходу толькі узмацніў епіскапаў у іх намеры давесці справу царкоўнага аб’яднання да канца. У іх вачах ён увасабляў ўсе прычыны бед «рускай» царквы: умяшанне свецкіх людзей у царкоўныя справы, непаслушэнства брацтваў, умяшанне грэкаў з няпэўнымі паўнамоцтвамі ў кіраванне Кіеўскай мітраполіяй, руйнуючы ўплыў пратэстантаў [5, с. 306].

Адразу ж паўстала пытанне: які з двух сабораў і, адпаведна, чые рашэння належыць лічыць легітымнымі і маючымі законную сілу з царкоўнага і грамадзянскага пункту погляду. Кожны называў другі сабор нелігітымным, а свой – адзіна правільным. Пытанне гэта  дэбатуецца да нашага часу. Зноў вяртаючыся да гэтага пытання, С.Сенык сцвярджае, што адказ на пытанне, які ж сабор у Берасці ў 1596 г. быў сапраўдным, залежыць ад адказу, хто прызнаваўся вышэйшай царкоўнай уладай: мітрапаліт М.Рагоза або грэк Нікіфар. С.Сенык таксама падвергла сумневу паўнамоцтвы Нікіфара, зрабіўшы акцэнт на экзаршых паўнамоцтвах К.Тэрлецкага, які прымаў ўдзел у мітрапалічым сходзе, і на прысутнасці на ім большасці іерархіі Кіеўскай мітраполіі [7, с. 142–143].

Першыя тры дні пасяджэнняў пры пасрэдніцтве прадстаўнікоў каралеўскай улады вяліся перагаворы паміж удзельнікамі абодвух сабораў – іх дэлегаты хадзілі туды-сюды праз горад, дарэмна намагаючыся перацягнуць праціўнікаў на свой бок. Антаганісты з абодвух лагераў жадалі аднаго і таго ж: дасягнуць хрысціянскага адзінства, атрымаць роўныя правы з рыма-католікамі і рэфармаваць царкоўнае жыццё [5, с. 306]. Князь Астрожскі і яго лагер у прынцыпе былі не супроць уніі, але рэгіянальнаму аб’яднанню, да якога вялі іерархі, з прыматам папы, проціпастаўлялі аб’яднанне ўсяленскае, якое ахапіла б усе ўсходнія цэрквы, на умовах парытэту папы і патрыярха. Але прымірэнне было немагчымым – ніхто не хацеў ісці на кампраміс. Гарачыя дэбаты на далі новых аргументаў – паўтаралі тое, што ўжо гаварылі апошнія пару гадоў.

6 (16) кастрычніка Нікіфар, які быў ініцыятарам першых дзеянняў праціўнікаў уніі, прыслаў да М.Рагозы і да «апастатаў, якія з ім былі», дэлегацыю з пісьмовым заклікам далучыцца да  сабранага вакол яго, экзарха, духавенства. Мітрапаліт убачыў у гэтым замах на сваю ўладу – экзарх не можа выклікаць мітрапаліта, у правінцыю якога прыбыў, але сам павінен чакаць запрашэння да нанясення візіту. Глава Кіеўскай мітраполіі падверг сумненню, ці той чалавек Нікіфар, за якога сябе выдае; і даў зразумець, што хутчэй прыме да сябе прадстаўнікоў праціўнага боку. 7 (17) кастрычніка М.Рагоза зноў атрымаў заклік, ініцыяваны Нікіфарам, на гэты раз з пагрозай змяшчэння з пасады мітрапаліта. 8 (18) кастрычніка яму ўручылі падобны ліст ад Кірылы Лукарыса, прадстаўніка александрыйскага патрыярха. Кожны раз М.Рагоза адмаўляўся ад гэтых прапаноў і заклікаў прадстаўнікоў апазіцыі далучыцца да свайго сабора.

8 (18) кастрычніка сабор прыхільнікаў уніі прыняў акт, якім ратыфікаваў заключаную ў Рыме унію. Яго ўрачыста зачытаў полацкі архіепіскап Грыгорый Герман. Пергаментная грамата Берасцейскай уніі з дзевяццю прымацаванымі да яе пячаткамі (арыгінал) – галоўны дакумент  унійнага сабора – сёння захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украіны ў г.Львове [8].  Яго падпісалі мітрапаліт, 5 епіскапаў: полацкі, берасцейскі, пінскі і тураўскі, луцкі і  астрожскі, холмскі і тры названых вышэй архімандрыты: браслаўскі Багдан-Клімент Годкінскі, лаўрышаўскі Гедэон Бральніцкі і мінскі Паісій [4, с. 137–139]. Саборная грамата падкрэслівала даўнасць унійнай традыцыі на Русі, “от которой хотяж многократне отступовали”, але зноў і зноў да яе вярталіся, “а остатне на соборе Флорентском”, на якім «був и наш Киевский и всея Руси архиепископ митрополит Исидор, который тое соединение … принес в сие края Русские, и в том же послушенстве и зверхности церкви Римское утвердил». Адзначалася, што вызваленне “от зверхности патриярхов Царигородских” не прадугледжвала змены “обряды и церемоние  церквей Восточных Герческих и Руских, а ни якое отмены в церквах наших” [4, с. 137–138].

Удзельнікі сходу ў доме М.Райскага 9 (19) кастрычніка прынялі дэкларацыю супрацьлеглага зместу. Яны заявілі пратэст супраць заключанай уніі, папярэдзіўшы, што будуць з ёй змагацца і намагацца яе ліквідаваць. Яны аддалі праклёну яе падпісантаў; абвясцілі, што не прызнаюць над сабой улады іерархаў–«адступнікаў», і заклікалі ўсіх праваслаўных Беларусі і Украіны захоўваць вернасць царгарадскаму патрыярху. Гэты дакумент падпісалі 43 ўдзельнікі, у тым ліку 2 дэлегаты, якія прадстаўлялі патрыярхаў, 1 – мітрапаліта, 2 епіскапы і 2 архімандрыты [9, с. 53].

Пасля трэцяй адозвы апазіцыі 8 (18) кастрычніка мітрапаліт, паводле слоў аднаго з яе прадстаўнікоў, адказаў: «Правільна ці не, але мы падпарадкаваліся заходняй царкве».  У той жа дзень М.Рагоза адмовіўся прыняць ад дэлегацыі альтэрнатыўнага сабора  акт аб яго зняцці з пасады мітрапаліта. 9 (19) кастрычніка чарговая дэлегацыя ад праціўнікаў уніі, на гэты раз з актам аб зняцці з пасад усёй праунійнай іерархіі, не была нават дапушчана ў кафедральную царкву св. Мікалая, дзе М.Рагоза ўрачыста абвяшчаў унію і адбывалася цырымонія прысягі ёй. Пасля гэтай цырымоніі ўрачыстая працэсія на чале з мітрапалітам адправіла літургію ў царкве св. Мікалая, а адтуль накіравалася ў каталіцкі касцёл Дзевы Марыі.

 Сабор завяршыўся аб’явай кіеўскага мітрапаліта аб адхіленні ад пасад праціўных уніі епіскапаў Г.Балабана, М.Капысценскага і архімандрыта Н.Тура. 10 (20) кастрычніка мітрапаліт звярнуўся з пастырскім пасланнем да сваёй паствы і кліру, у якім паведамляў аб уніі, аб зняцці з пасад і адлучэнні ад царквы  епіскапаў і архімандрыта [4, с. 143–144]. У гэты дзень Н.Тур апошні раз спрабаваў папасці да М.Рагозы, які знаходзіўся ў рэзідэнцыі І.Пацея, каб уручыць вердыкт антыуніяцкага сабора, але быў выстаўлены прадстаўнікамі караля.

У саборным храме св. Мікалая адбылася ўрачыстая падзячная літургія, падчас якой глыбока абдуманую пропаведзь пра адзінства Хрыстовай царквы зрабіў вядомы езуіцкі прапаведнік Пётр Скарга. Пасля гэтага ўладыкі даручылі І.Пацею неадкладна адправіцца ў Кракаў і асабіста даць каралю справаздачу пра сабор і яго рашэнні, а асабліва пра анафему і пазбаўленне духоўнага сану Балабана і Капысценскага [3, с. 180].

Так завяршылася абвяшчэнне саюза Кіеўскай мітраполіі з папствам, якое распачалося ў снежні папярэдняга года ў Рыме. Паколькі унія была канчаткова абвешчана ў Берасці, то і ў гісторыю яна ўвайшла як Берасцейская унія.

Узаемная анафема і саюз з Рымам – такая супярэчлівая спадчына тых бурлівых кастрычніцкіх дзён у Берасці [5, с. 306]. Канфліктнасць Берасцейскіх сабораў была перанесена на грамадства.

З Берасця М.Рагоза на чале дэлегацыі уніяцкага епіскапату накіраваўся ў Варшаву. 27 кастрычніка яны нанеслі візіт папскаму нунцыю кардыналу Каэтані, 28 – былі прынятыя на каралеўскім двары, 29 чысла ўзялі ўдзел ў цырымоніі пахавання Ганны Ягелонкі. 30 кастрычніка Каэтані даў у іх гонар абед.

Паінфармаваны пра сабор і ўрачыстае абвяшчэнне уніі, кароль Жыгімонт III сваім універсалам ад 15 снежня 1596 г. зацвердзіў рашэнні уніяцкага сабора, заклікаў ўсіх праваслаўных вернікаў дзяржавы да паслушэнства сваім епіскапам, а Капысценскага і Балабана каб не прызнавалі больш сваімі пастырамі. Так улада пайшла на адкрытую падтрымку уніятаў і канфрантацыю з праваслаўнымі.

 Сейм, які сабраўся ў сакавіку 1597 г. у Варшаве, уважліва выслухаў рапарт канцлера Сапегі аб саборы ў Берасці, а таксама выступленне аднаго са “столпов” праваслаўнай царквы – наваградскага ваяводы Фёдара Тышкевіча. Прызнаўшы, што унія цалкам захавала грэчаскі абрад, сейм пастанавіў да яе прыступіць. Фактычна сейм не зацвярджаў уніі як гэткай.  Выступленні Сапегі і Тышкевіча па сутнасці былі выкліканы  атакамі варожага ёй валынскага пасла  Д.Гулевіча. Дыскусія была кароткай, паколькі ўсе з нецярпеннем чакалі працэсу над Нікіфарам.

Кім быў на самай справе  Нікіфар, які выдаваў сябе за протасінкела і экзарха царгарадскага патрыярха, і якія   паўнамоцтвы ён меў у Берасці, да гэтага часу канчаткова не высветлена.  Гэта асоба з самага пачатку выклікала падазрэнні ў афіцыйных колах Рэчы Паспалітай, але толькі пасля сабора Жыгімонт III загадаў яго затрымаць як парушальніка грамадскага парадку і турэцкага шпіёна. Яго аддалі пад ахову К.Астрожскага. Князь паручыўся, што прадставіць яго сейму. Варожа настроены да К.Астрожскага польскі канцлер Ян Замойскі падаў сейму пісьмо Нікіфара, у якім той інфармаваў царгарадскага патрыярха, што дзякуючы выкліканаму уніяй замяшанню наступіў падыходзячы момант для туркаў для нападзення на Рэч Паспалітую. Паслы гаспадара Малдавіі паведамілі аб затрыманні Нікіфара на іх тэрыторыі як пасланца султана і аб яго ўцёках у Рэч Паспалітую.  Сам Астрожскі адмовіўся абараняць грэка, прамармытаўшы: «Няхай яго кароль сажрэ». Заклапочаны тым, каб пазбегнуць вайны з Турцыяй, сейм адклаў прыняцце рашэння да атрымання дадатковай інфармацыі. Нікіфара затачылі ў Мальбарк, дзе праз два гады ён памёр.

  На тым палітычным працэсе П.Аркудзій, які быў перакладчыкам, высветліў, што Нікіфар нават не быў святаром.  Паводле дакумента ад лістапада 1592 г., які ўяўляецца аўтэнтычным, царгарадскі патрыярх Ярэмія II у прысутнасці патрыярха Александрыі прызначыў Нікіфара сваім экзархам з шырокімі паўнамоцтвамі, у тым ліку з правам зняцця вышэйшых царкоўных саноўнікаў. Французскі даследчык А.Джоберт сцвярджае, што на момант Берасцейскага сабора гэтыя паўнамоцтвы ўжо былі несапраўднымі, паколькі Ярэміі ўжо не было ў жывых, а патрыяршы трон у Царгарадзе быў вакантным пасля смерці яго пераемніка [10].

 Аднак калі ў 1597 г. александрыйскі патрыярх Мялецій Пігас, застаючыся на гэтай пасадзе, быў узведзены ў сан “намесніка Царгарадскага патрыярхата”, ён граматай ад 4 красавіка 1597 г. зацвердзіў усе пастановы, прынятыя ў Берасці  Нікіфарам і яго прыхільнікамі, і, такім чынам, прызнаў правамоцным антыуніяцкі сабор, скліканы К.Астрожскім, і зацвердзіў анафему на мітрапаліта М.Рагозу і ўсіх епіскапаў, якія прыступілі да уніі. У адказ на праклён, кінуты на епіскапаў-уніятаў александрыйскім патрыярхам, папа рымскі абвясціў гэты праклён цяпер і назаўсёды не дзейсным і не маючым ніякіх кананічных наступстваў што да выканання епіскапамі–уніятамі сваіх паўнамоцтваў [3, с. 180–181].

Пачалося вялікае процістаянне, якое цалкам не вырашана да нашага часу.

Замест устанаўлення адзінства усходняй царквы з заходняй, як адзначае даследчыца уніі Г.Дылянгова, Берасцейскі сабор прывёў да новага падзелу на царкву ўсходнюю-уніяцкую і царкву ўсходнюю праваслаўную [6, с. 18]. Вынікам Берасцейскіх сабораў, паводле С.Сенык, былі расцягнутая на некалькі наступных дзесяцігоддзяў палемічная вайна, бесконцыя дэбаты pro et contra уніі і, што больш сур’ёзна, зацяжны падзел Кіеўскай мітраполіі на каталіцкую і праваслаўную часткі [7, с. 143–144]. Б.Гудзяк пра берасцейския саборы піша наступнае: “Не знайшоўшы ніякага паразумення, два лагеры пайшлі асобнымі шляхамі, якімі іх нашчадкі ідуць да нашага часу” [11, с. 115].

Для Б.Кумора не падлягае сумненню, што Берасцейская унія была буйнейшай і найважнейшай пасля уніі Фларэнційскай і аказалася найбольш трывалай з усіх уній паміж усходняй і заходняй цэрквамі, хоць спачатку яна і не ахапіла ўсёй праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай [12, с. 53].

Нельга не згадзіцца з Л.Цімашэнка, што наступствы тых берасцейскіх падзей ніяк не ўкладаюцца ў пракрустава ложа негатыўнага або пазітыўнага. У аснове расколу ўкраінска-беларускага хрысціянства, расколу Русі на дзве няроўныя часткі, паміж якімі пачалася барацьба, ляжалі, на яго думку, праблемы фарміравання нацыянальнай царквы. Праваслаўны Берасцейскі сабор 1596 г., несумненна,  уратаваў беларуска-украінскае праваслаўе. Уніяцкі сабор паклаў пачатак царкоўна-рэлігійнай традыцыі, якая арыентавалася на заходнія ўзоры, а з цягам часу  спрыяла зацвярджэнню грэка-каталіцызму як адной з нацыянальных канфесій украінцаў. Непераўзыходзячае значэнне Берасцейскай уніі, як канкрэтна-гістарычнай падзеі канца XVI ст., даследчык бачыць у тым, што, нягледзячы на негатыўныя наступствы міжканфесійнай барацьбы, якая адчуваецца і сёння, Україна ўжо ў эпоху позняга сярэднявечча наблізілася да Еўропы [2, с. 40].

Падзеі ў Берасці 6–10 кастрычніка 1596 г., у сілу іх гістарычнай значнасці і контраверсійнасці,  вартыя таго, каб стаць для беларускіх гісторыкаў прадметам спецыяльнага манаграфічнага даследавання, а месцы правядзення саборных пасяджэнняў – увекавечвання ў мемарыяле.

_________________________________

 

1.     Лысенка П.Ф., Якімовіч Ю.А. Брэст // Францыск Скарына і яго час: Энцыклапедычны даведнік. – Мн.: БелСэ, 1988. – С. 274–275.

2.     Тимошенко Л. Берестейська унія 1596 р. – Дрогобич: Коло, 2004. – 197 с.

3.     Пекар А. Іпатій Потій – провісник з’единення // Analecta Ordinis S. Basilii Magni. Sectio II. – Romae: Sumptibus P.P. Basilianorum, 1996. – Vol. XV. – S.145–246.

4.     Уния в документах: Сборник / Сост. В.А.Теплова, З.И.Зуева. – Минск: Лучи Софии, 1997. – 520 с.

5.     Гудзяк Б. Криза і реформа: Киівська митрополія, Царгородский патріархат і генеза Берестейськоі уніі: Пер. з англ. – Львів: Інститут Історіі Церкви Львівськоі Богословськоі Академіі, 2000. – 16, 426 с.

6.     Dylągowa H. Dzieje Unii Brzeskiej (1596–1918). – Warszawa–Olsztyn: Wy­dawnictwo Interlibro, Warmińskie wydawnictwo dyecezjalne, 1996. – 228 s.

7.     Senyk S. The Union of Brest // Analecta Or­dinis S. Basilii Magni. Sectio II. – Romae: Sumptibus P.P. Basilianorum, 1996. – Vol. XV. – S. 103–144.

8.     Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў Украіны ў Львове. Ф. 131 Граматы на пергаменце (калекцыя). Воп. 1. Спр. 627.

9.     Kumor B. Geneza i zawarcie unii brzeskiej // Unia brzeska z perspektywy czterech stulеci: Materiały międzynarodowego sympozium naukowego, Lublin, 20–21/IX 1995 r. – Lublin: Redakcja wydawnictw KUL, 1998. – S.27–55.

10.                 Jobert A. Unia brzeska i jej architekci // Znak. – 1984. - № 11–12. – S. 1491–1524.

11.                 Гудзяк Б. Киівська іерархія, Берестейські сіноди і укладнення Берестейськоі уніі // Історичний контекст, укладнення Берестейськоі уніі і перше поунійне покоління: Матеріали Перших «Берестейських чи­тань». Львів, Івано–Франківськ, Киів, 1–6 жовтня 1994 р. / Ред. Б.Гудзяк. – Львів: Інститут Історіі Церкви Львівськоі Богословськоі Академіі, 1995. – С. 101–

12.                 Kumor B. Geneza i zawarcie unii brzeskiej //Unia Brzeska. Geneza, dzieje i konsekwencje w kulturze narodów słowiańskich / Pod red. R.Łużnego, F.Ziejki, A.Kępinskiego. – Kraków: «Universitas», 1994. – S. 26–44.

 

Аўтар: Святлана Марозава

Уверх

Кніга водзываў


Каталог TUT.BY

 
Уладальнік сайта і старшыня праекту: Святлана Валянцінаўна Марозава, доктар гістарычных навук, прафесар. Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. (s_maro сабака  tut.by)
Тэхнічны выканальнік: Сяргей Марозаў (Banifacyj) (banifacyj сабака mail.ru)
© 2007
Дата апошняга абнаўлення гэтай старонкі: 07.01.2009
Используются технологии uCoz