Сiмяон Полацкi
(Самуiл Гаўрылавіч, паводле некаторых звестак – Емяльянавiч
Пятроўскi-Сiтнiяновiч: 1629—25.8.1680 г.) – беларускі і рускі пісьменнік,
філосаф-асветнік, перакладчык, педагог, тэолаг, грамадскі і царкоўны дзеяч
дзеяч. Нарадзіўся ў Полацку. Паходзіў, як мяркуюць, з купецкага саслоўя. Атрымаў
адукацыю ў Кiева-Магiлянскім калегiуме (каля 1650 г.) і Віленскай езуіцкай
акадэміі (да 1653 г.). У віленскі перыяд жыцця стаў манахам уніяцкага ордэна
базыльян. Але гэта не перашкодзіла яму быць лаяльным дзеячам праваслаўнай рускай
царквы ў Маскве. З сярэдзіны 1650-х да 1664 г. – настаўнік брацкай школы ў
Полацку, пры Богаяўленскім манастыры. Каля 1656 г. прыняў праваслаўнае манаства
пад імем Сімяон.
Чалавек па натуры дзейсны, працавіты, ён
выкарыстаў усе магчымасці для грамадскага і літаратурнага самавыяўлення. Пісаў
вершы, прамовы, навуковыя трактаты. Акрамя роднай беларускай мовы, дасканала
валодаў лацінскай, польскай, царкоўнаславянскай, рускай. З прыходам Сімяона
вакол манастыра згуртавалася кола таленавітых беларускіх літаратараў і
педагогаў. Ён шмат стараўся для праваслаўнага брацтва, аднак прытрымліваўся
талерантнасці, ухіляўся ад крытыкі каталіцызму, імкнуўся да ўзгаднення
дагматычных разыходжанняў.
Як высокаадукаваны настаўнік і пісьменнік,
Сімяон Полацкі аднолькава добра ведаў славянскую і заходнееўрапейскую культуры і
імкнуўся да іх сінтэзу. Вiдаць, не выпадкова Сiмяон, якi атрымаў і праваслаўную,
i каталiцкую адукацыю, схiлiўся да кампрамiснага памiж iмi унiяцтва. Яно,
верагодна, здавалася яму адзiна прыемлемай формай зблiжэння заходне- i
ўсходнееўрапейскiх традыцый i культур. Будучы манахам ордэна базыльян,
прапагандаваў ідэю ўз’яднання хрысціян пад духоўнай эгідай папы рымскага і пад
дзяржаўным патранатам маскоўскага цара. Нават у маскоўскі перыяд жыцця
падпісваўся як “полацкі іераманах ордэна св.Васіля Вялікага”.
У полацкі перыяд творчасці Сімяон пісаў
пераважна па-беларуску, кніжным урачыстым стылем, набліжаным да
царкоўнаславянскай мовы. Яго раннія вершы мелі рэлігійна-культавае прызначэнне.
Характэрная рыса яго твораў гэтага перыяду – патрыятызм, любоў і пашана да
свайго народа, роднага горада і краю.
Вайна паміж Расіяй і Рэччу Паспалітай 1654—1667
г. крута памяняла не толькi намеры, але i ўсё жыццё i далейшы лёс 25-гадовага
Сiмяона. Захоп маскоўскай армiяй на працягу 1654—1655 гг. амаль усёй Беларусi,
сталiцы Вялікага княства Літоўскага Вiльнi зрабiў на яго вялiкае ўражанне,
пахіснуў веру маладога чалавека ў стабільнасць Рэчы Паспалітай. У той сітуацыі
ён паказаў сябе прагматыкам і пачаў ускладаць надзеі, што яго радзіму выратуе
палітычны саюз з Расіяй.
Пасля захопу Полацка рускім царом Аляксеем
Мiхайлавiчам Сімяон разам са сваiмi выхаванцамi вiтаў яго хвалебнымі вершамі як
вызвалiцеля беларускага народа, прысвяціў яму шэраг урачыстых вершаваных
віншаванняў з нагоды ўзяцця расійскім войскам іншых беларускіх гарадоў. Аднак
пісьменніка ніколі не пакідала любоў да сваёй радзімы – Беларусі і Рэчы
Паспалітай. Тады ж ён напісаў шэраг палітычна-сатырычных твораў, у якіх выкрываў
захопніцкую авантуру шведскага караля Карла Х Густава, які ў сярэдзіне ХVII ст.
хацеў падзяліць Рэч Паспалітую, прыкрываючыя Кейданскай уніяй Вялікага княства
Літоўскага са Швецыяй.
У такіх трагічных умовах заканчваецца беларускі
перыяд творчасці Сімяона Полацкага. У 1660 г. ён ездзiў у Маскву прасiць
дапамогi для полацкага манастыра, некаторы час жыў там, прадставiў цару
хвалебную “Дэкламацыю”, у якой назваў яго “царом-Сонцам”. У 1664 г. прыняў
запрашэнне пераехаць у Маскву. Баючыся ганенняў з боку ўлад Рэчы Паспалiтай, ён,
як прыхiльнiк маскоўскай арыентацыi, пакiнуў родны горад. Меркаваў, што часова,
а аказалася – назаўсёды.
Сiмяон становіцца прыхiльнiкам, а потым
iдэолагам праваслаўя i расiйскага самадзяржаўя. Яго выбар быў як вымушаным, так
i добраахвотным. У драматычнай дылеме, якую яму прапанавала жыццё, — патрыятызм
або кар’ера — ён выбраў апошняе. У Маскве Полацкі вымушаны быў адмовiцца ад
роднай мовы. Ён паклаў пачатак згубнаму для беларускай культуры працэсу
культурнай эмiграцыi, якi ў XVIII—XIX ст. набыў масавы характар, калі
інтэлектуальна-творчыя сiлы беларускага народа з прычыны адсутнасцi ўласнай
дзяржаўнасцi i нацыянальнай самасвядомасцi “эмiгравалi” або ў польскую, або ў
рускую культуру.
Сімяон арганізаваў пры Заіконаспаскім манастыры
“лацінскую” школу для падрыхтоўкі служачых Тайнага прыказа – асабістай
канцылярыі цара. Пісьменніка пасялілі побач з царскімі палатамі і залічылі на
дзяржаўнае забеспячэнне. Ён стаў разам з вучоным візантыйцам Паісіем Лігарыдам
дарадчыкам цара па царкоўных справах, перакладчыкам і рэдактарам. С.Полацкі стаў
першым прыдворным паэтам расійскіх цароў. Яго запрашалі на прыдворныя
ўрачыстасці, дзе паэт чытаў свае вершаваныя віншаванні. Прыдворныя здзіўляліся і
захапляліся Сімяонавымі вершамі. Найбольшай падтрымкай ён карыстаўся ў цара
Фёдара Аляксеевіча (1676–1682). Прыхільнік асветнага абсалютызму, Сімяон быў ў
цэнтры палітычных і рэлігійных праблем Маскоўскай дзяржавы. Уплыў беларускага
асветніка на царскі двор асабліва ўзмацніўся пасля 1667 г., калі ён быў
прызначаны выхавацелем і настаўнікам царскіх дзяцей, сярод якіх быў і будучы
імператар Пётр І. Дзякуючы адукацыі і шырокаму кругагляду царскія наследнікі
заклалі асновы тых перабудоў і перамен, якія завяршыў Пётр І.
Росту аўтарытэту С.Полацкага садзейнічала
актыўная палеміка з ідэолагамі стараабрадцаў, асуджэнне – праўда, не заўсёды
справядлівае – іншадумцаў і ўдзел у Вялікім саборы (1667–1668 г.), на якім ён
быў сакратаром-перакладчыкам блізкаўсходніх патрыярхаў: александрыйскага і
антыахійскага, а таксама мітрапаліта газскага Паісія Лігарыда. Сабор асудзіў
патрыярха Нікана, рэформы якога Сімяон Полацкі спачатку падтрымліваў.
Галоўны клопат беларускага пісьменніка ў Маскве
– педагагічныя, асветніцкія, выдавецкія справы. Ён заснаваў незалежную ад
патрыяршай цэнзуры друкарню і сярод першых кніг надрукаваў падручнік для дзяцей
– “Буквар мовы славенскай”. Пераклаў на вершы і выдаў у сваёй друкарні “Псалтыр
рыфматворны”, які стаў папулярным песеннікам сярод адукаваных
людзей таго часу.
За палітычнай і царкоўнай барацьбой
пісьменнік не забываў пра сваё наканаванне – літаратурную творчасць. Яго пяру
належаць тэалагічны трактат, зборнікі пропаведзяў, вершы, п’есы. Энцыклапедычны
характар носяць зборнікі яго царкоўна- хрысціянскіх “слоў” і “казанняў” “Абед
душэўны” і “Вячэра душэўная”. Аснову літаратурнай спадчыны Сімяона Полацкага
складаюць выдадзеныя пасмяротна зборнікі “Ветраград мнагацветны” (у перакладзе
на сучасную мову – “Сад шматколерны”) і “Рыфмалагіён, або вершаслоў”. Першы
служыў для рускай публікі сапраўднай энцыклапедыяй ведаў па гісторыі, антычнай
міфалогіі, філасофіі, тэалогіі, маралі і хрысціянскай сімволіцы.
Драматычныя творы з другога зборніка ставіліся ў прыдворных тэатрах Крамля.
Так з драматургіі С.Полацкага ў Расіі
пачынаўся прафесійны тэатр. Увесь час службы пры маскоўскім двары Сімяон Полацкі
займаўся таксама перакладчыцкай дзейнасцю. Перакладаў з латыні і польскай мовы,
літаратурна апрацоўваў папулярныя тады свецкія і царкоўныя творы.
У Маскве да грамадзянскай і рэлігійнай
дзейнасці асветніка і яго творчай спадчыны ставіліся неадназначна. Пісьменнікі
і царкоўныя дзеячы грэка-візантыйскай арыентацыі не давяралі “лаціністу” і
“заходніку” Сімяону Полацкаму, лічылі яго веды імудрасць небяспечнымі, хоць і
паважалі яго талент і энцыклапедычную адукаванасць. З асуджэннем яго асобных
твораў выступілі Епіфаній Славінецкі і Яўфімій Чудаўскі. Але гэтыя рознагалоссі
не перашкаджалі яго сяброўству са Славінецкім. Літаратурная і агульнакультурная
праграма полацкага асветніка, накіраваная на далучэнне Расіі да еўрапейскага
культурнага рэгіёна, паступова перамагала, хоць адносіны паміж маскоўскімі
артадоксамі і “лаціністамі”, выхадцамі з Беларусі і Украіны, часта ўскладняліся.
Займаючы ў Маскве ключавую пазіцыю ў справе пашырэння заходнееўрапейскай
культуры, папярэднік ідэолагаў асветнага абсалютызму эпохі Пятра І Сімяон
Полацкі здолеў пераканаць кансерватараў-традыцыяналістаў пры двары Аляксея
Міхайлавіча ў неабходнасці народнай адукацыі паводле еўрапейскага
школьна-універсітэцкага метаду, далучэння прыдворных да свецкай літаратуры,
музыкі, тэатра.
У Маскве С.Полацкі здабыў еўрапейскую
славу. Пра вучонага манаха-базыльяніна і яго літаратурныя творы ў ХVII
ст. апавясцілі Еўропу курляндскі арыстакрат Якуб Рэйтэнфель у сваіх “Сказаннях
пра Масковію”, выдадзеных па-лацінску ў Падуі і па-нямецку ў Нюрнбергу, пазней –
оксфардскі лінгвіст Лудольф у кнізе “Расійская граматыка”.
За год да смерці асветнік працаваў над
праектам рускай вышэйшай школы на ўзор Кіева-магілянскай акадэміі. Мелася на
ўвазе выкладанне ў ёй не толькі грэчаскай мовы і багаслоўя, але дасягненняў
еўрапейскай гуманітарнай навукі і культуры, лацінскай мовы і натурфіласофіі.
Пісьменнік памёр на 51-м годзе жыцця. Сваю прыватную бібліятэку, найбагацейшую ў
тагачаснай Маскве, ён завяшчаў полацкаму, маскоўскаму і кіеўскаму манастырам, а
грошы падзяліў паміж беларускімі манастырамі ў Полацку, Віцебску, Оршы, Мінску і
Вільні. Магілы С.Полацкага не захавалася, а надмагільная пліта з эпітафіяй
аўтарства Сільвестра Мядзведзева захоўваецца ў маскоўскім Спаскім саборы былога
Заіконаспаскага манастыра. Праз некалькі год пасля Сімяонавай смерці запарожскія
казакі папрасілі прыслаць ім з Масквы кнігі знакамітага палачаніна. Іх просьбы
не выканалі, бо праваслаўная царква абвясціла Сімяонавым творам анафему і
забараніла згадваць іх як ерэтычныя.
Літаратурная, багаслоўская і
навукова-асветніцкая спадчына Сімяона Полацкага шматгранная і не перастае
здзіўляць даследчыкаў сваёй энцыклапедычнасцю. Сам пісьменнік паспеў надрукаваць
толькі асобныя свае творы. Буйнейшыя яго сачыненні былі выдадзены пасмяротна ў
ХVIII–ХХ
cт.
Вучоныя і пісьменнікі пішуць пра Сімяона кнігі. Паводле рашэння ЮНЕСКА імя
Сімяона Полацкага было ўнесена ў каляндар памятных дат 1980 г.
Аўтар: Святлана Марозава
| |
Уверх
Кніга водзываў
|