С. Ляшчынскі

Хатняя К. Астрожскі Берасце 1596 г. В. Цяпінскі Грыгарыянскі календ. Базыл. кангрэгацыі Контррэфармацыя І. Кунцэвіч Л. Сапега С. Ляшчынскі Палемічная літарат. Перасцярога Сігізмунд І Сігізмунд ІІ Сігізмунд ІІІ С. Полацкі Супрасльская тып. Уладзіслаў IV Уніяцкая адукацыя Г. Валуа Віленскае Барока Е. Валовіч

Імя Казіміра Лышчынскага (4.3.1634 г. – 30.3.1689 г.) пачэсна стаіць ў адным шэрагу з імёнамі волатаў думкі – “вялікіх ерэтыкоў” Мігеля Сервета, Джардана Бруна, Лючыліа Ваніні. Гэтак жа, як і яны, ён – адна з зорак першай велічыні на еўрапейскім філасофскім небасхіле ХVII ст. – паплаціўся жыццём за свае погляды.

Беларускі мысліцель, грамадска-палітычны дзеяч і педагог Казімір Лышчынскі нарадзіўся ў Вялікім княстве Літоўскім, у маёнтку Лышчыцы Брэсцкага ваяводства (цяпер Брэсцкі раён). Паходзіў са старажытнага, але небагатага шляхецкага роду. Будучы здольным маладым чалавекам, атрымаў добрую адукацыю ў езуіцкіх калегіумах Брэста, Кракава і Каліша. У 1658 г. уступіў у ордэн езуітаў. У 1665 г., пасля вучобы ў Калішы, стаў выкладчыкам  і памочнікам рэктара Брэсцкага езуіцкага калегіума.

Нарадзіўся філосаф у той час, калі над Еўропай заканчвалася эпоха Адраджэння і ў Беларусі набірала сілу  каталіцкая рэакцыя. Але ў інтэлектуальнай атмасферы ХVII ст. ужо з’яўляліся проблескі вольнай думкі. Ашаламляльная выснова аб неіснаванні бога, да якой дапытлівы розум Лышчынскага прыйшоў у Калішы, крута змяніла хаду яго думак і жыцця. Ён парваў у 1666 г. з езуітамі, вярнуўся ў родны маёнтак і заняўся актыўнай навуковай, педагагічнай і грамадска-палітычнай дзейнасцю. Малады, энергічны, эрудыраваны, Лышчынскі хутка заваёўваў аўтарытэт у сваім асяроддзі. Берасцейская шляхта тройчы абірае яго паслом на варшаўскія соймы (1669, 1673, 1674). Ад яе імя ён браў ўдзел у выбарах на трон Рэчы Паспалітай каралёў Міхаіла Карыбута  Вішнявецкага, Яна ІІІ Сабескага. Апошні ведаў Лышчынскага асабіста, цаніў як грамадскага дзеяча, у 1682 г. прызначаў на адказную пасаду падсудка брэсцкага земскага суда.

Адначасова ў сваім маёнтку выкладаў у мясцовай школе дзецям шляхты і сялян мовы, асновы навук. Узмоцнена вывучаў філасофскія і тэалагічныя творы антычных  і сучасных аўтараў, у тым ліку ўключаныя ў “Індэкс забароненых кніг”. Вольны час прысвячаў філасофскім развагам, спробам па-свойму вытлумачыць свет і законы яго развіцця. Так нараджаўся трактат “Аб неіснаванні бога” (“De non existentia Dei”), кожная выснова якога пахла вогнішчам інквізіцыі. Ён быў напісаны на латыні на 530 старонках уборыстым почыркам.

 Трактат Лышчынскага – арыгінальны філасофскі твор, у якім аўтар выступіў супраць рэлігійнага светаразумення. Ён сцвярджаў, што прырода развіваецца па ўласных законах і не мае патрэбы ў звышнатуральным розуме, а  свет існуе вечна. Лічыў, што ўяўленні людзей пра бога – вынік іх фантазіі і памылак. Адмаўляў бессмяротнасць душы, тройцу, замагільны свет, уваскрасенне з мёртвых, крытыкаваў лад жыцця каталіцкага духавенства, настойваў на замене царкоўнага шлюбу грамадзянскім і быў адным з першых прапагандыстаў ідэй утапічнага сацыялізму на Беларусі. Мысліцель марыў аб сацыяльнай роўнасці і свабодзе, жадаў бачыць “свет без улады, гарады без начальнікаў, народы без гаспадароў”. Частка гэтага трактата была спалена разам з яго аўтарам, лёс астатняй часткі невядомы.  Некалькі яго фрагментаў зберагаюцца зараз у горадзе Курнік (Польшча).

Сваіх ідэй вальнадумец не хаваў, а нёс іх сучаснікам: дзяліўся імі з вучнямі, сябрамі, суседзямі, знаёмымі. Езуіты не прабачылі здрады свайму былому сабрату. У 1687 г. іх агент Ян Бжоска – ён жа даўні знаёмец і сусед Лышчынскага – выкраў 15 сшыткаў тайна напісанага трактата і разам са сваім даносам, гучна названым “Маніфестам”, перадаў віленскаму біскупу Бжастоўскаму. Разам з паметкамі  “Значыць, Бога няма”, зробленымі філосафам на палях кнігі кальвініста Альстэда “Натуральная тэалогія”, трактат стаў падставай для абвінавачвання ў атэізме і ў 1688 г. зняволення. Мысліцель апынуўся ў віленскай турме.  Духоўны суд вынес прыгавор: смерць праз спаленне.

У абарону Лышчынскага і сваіх вольнасцяў выступіла берасцейская шляхта – паводле Статута Вялікага княства Літоўскага яна была непадсудна духоўнаму суду. Тады пад ціскам клерыкалаў кароль Ян ІІІ перадаў справу на разгляд вальнага (агульнадзяржаўнага) сойма Рэчы Паспалітай. Судзіць іншадумца першапачаткова меркавалі на сойме 1688 г. у Гродне, але ён быў сарваны. Тады справа была перададзена на разгляд варшаўскага сойма. У Варшаву, куды К.Лышчынскі неаднойчы прыязджаў соймавым дэпутатам, на гэты раз яго прывезлі як вязня. Слуханні па яго справе доўжыліся з 15 лютага да 28 сакавіка 1689 г. і занялі 19 пасяджэнняў. Прысуд быў такім жа: спаленне на вогнішчы. Кароль Ян ІІІ, які сямю гадамі раней адзначаў заслугі Лышчынскага, такую пастанову ўхваліў, але па просьбе падсуднага замяніў гэту пакутніцкую кару адсячэннем галавы.

30 сакавіка 1689 г. на плошчы Старога мяста ў Варшаве, у прысутнасці шматтысячнага натоўпа, адбылося публічнае пакаранне. Казімір Лышчынскі мужна сустрэў сваю апошнюю хвіліну. Спачатку кат  распаленымі абцугамі вырваў язык і вусны, якімі ён абражаў бога, потым на малым агні спалілі рукі, “якія стваралі агідныя творы”. Абезгалоўленае цела філосафа спалілі за горадам на вогнішчы, а попелам стрэлілі з гарматы. Вогніша паглынула  і сачыненне Лышчынскага разам з кнігай Альстэда з заўвагамі мучаніка на палях.  Нават папа рымскі, які пільна сачыў за справай беларускага матэрыяліста, назваў пакаранне занадта жорсткім. Дом, дзе філосаф ствараў свае “ганебныя пісанні”, падлягаў разбурэнню як прытулак вар’ята.

Факт смяротнай кары за смелыя думкі шляхціча “з Літвы” выклікаў шырокі рэзананс у еўрапейскай грамадскасці. Публікацыі пра Лышчынскага і змест яго трактата з’явіліся ў Рэчы Паспалітай, Германіі, Францыі, Швецыі, Італіі і іншых краінах. Пра яго тады пісалі не менш чым на 14 мовах. Ідэі Лышчынскага, за якія ён пайшоў на плаху, далі імпульс развіццю матэрыялістычнай думкі на Беларусі, Украіне, Літве, Польшчы, праніклі ў Заходнюю Еўропу.

З таго часу прозвішча Казіміра Лышчынскага не сходзіць са старонак кніг, часопісаў, газет, энцыклапедычных і даведачных выданняў – да канца ХХ ст. выйшла звыш 500 публікацый, прысвечаных спаленаму брэсцкаму філосафу. Ён набыў вечнае жыццё ў навуковай і літаратурнай творчасці розных народаў, працягвае жыць у музыцы, жывапісе, скульптуры і кіно.

 

 

Аўтар: Святлана Марозава

Уверх

Кніга водзываў


Каталог TUT.BY

 
Уладальнік сайта і старшыня праекту: Святлана Валянцінаўна Марозава, доктар гістарычных навук, прафесар. Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. (s_maro сабака  tut.by)
Тэхнічны выканальнік: Сяргей Марозаў (Banifacyj) (banifacyj сабака mail.ru)
© 2007
Дата апошняга абнаўлення гэтай старонкі: 07.01.2009
Используются технологии uCoz